Раніцай 29 красавіка затрымалі Андрэя Ханевіча, старшыню першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза ААТ «Гродна Азот», паведаміў канал завадчан. Інфармацыю пацвердзіла Hrodna.life іншая крыніца. Абставіны затрымання застаюцца невядомымі.
Андрэй Ханевіч — 47-гадовы апаратчык цэха «карбамід-3» і старшыня першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза на «Гродна Азот».
У студзені 2021 года арганізацыя налічвала 500 чалавек. Са жніўня да снежня 2020 прафсаюз вырас у 20 разоў (з 20 членаў да больш чым 400). У 2022 годзе колькасць скарацілася да 150.
Рэпрэсіі супраць прафсаюза
Кіраўніцтва «Гродна Азот» было незадаволена, што ў Беларускім незалежным прафсаюзе не падтрымалі звароту Белхімпрафсаюзу аб адмене санкцый. «Галаслоўныя і правакацыйныя заявы аб парушэнні правоў сябраў БНП або магчымых звальненнях, якімі незалежны прафсаюз апраўдвае неўмяшанне ў дадзеную праблему, перш за ўсё сведчаць аб яго дэкструктыўным і спажывецкім дачыненні да заводу», — лічыць кіраўніцтва.
27 красавіка пасля праверкі пракуратура Гродзенскай вобласці прыпыніла дзейнасць першаснай арганізацыі Беларускага Незалежнага прафсаюза работнікаў ААТ «Гродна Азот». Пракурор Гродзенскай вобласці вынес у адрас кіраўніка адпаведную пастанову. У Гродзенскі абласны суд накіравалі заяву аб прызнанні экстрэмісцкай арганізацыяй прафсаюза, забароне яе дзейнасці і ліквідацыі.
Прычынай стаў удзел кіраўніка і членаў першаснай арганізацыі ў спробе арганізаваць страйк на прадпрыемстве «выключна ў палітычных мэтах».
Інфармацыю ў закрытым Telegram-чаце для сябраў незалежнага прафзвязу «Незалежны Азот» прызналі экстрэмісцкай.
Чытайце таксама:
- Працоўная спрэчка або палітычнае пытанне? Звольненыя азотаўцы чакаюць рашэння суда
- «Людзі проста захаваюць свае грошы». Навошта гродзенцы сыходзяць з дзяржаўных прафсаюзаў у незалежныя
«Дело профсоюзов»
У сярэдзіне красавіка былі затрыманыя каля 20 прадстаўнікоў незалежнага прафруху Беларусі. Гэта кіраўніцтва і супрацоўнікі офіса Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), а таксама лідары і актывісты, якія ўваходзяць у БКДП прафсаюзаў СПМ (Свабодны прафсаюз металістаў), СПБ (Свабодны прафсаюз Беларускі), РЭП (Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці).