82 гектары лясоў і зон адпачынку ў Гродне чакае акарыцыдная апрацоўка. Яе будуць праводзіць з 9 траўня па 30 верасня. Перад апрацоўкай і пасля яе зоны абследуюць і пракантралююць. На гэта выдаткуюць 25 000 рублёў з гарадскога бюджэту.
Гродзенская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка да 28 красавіка праводзіць запыт цэнавых прапаноў.
Якія зоны чакае апрацоўка:
- урочышча “Пышкі”, у тым ліку лесапалосы ад вул. Каліноўскага ўздоўж вул. Вясенняй;
- лесапарк “Румлёва” (сцежка здароўя);
- урочышча “Ласосна”;
- лясны масіў вул. Томіна (вул. Славінскага);
- лясны масіў вул. Кабяка;
- Каложскі парк;
- парк Жылібера;
- зона адпачынку Альшанка;
- возера Юбілейнае;
- лясны масіў вул. Волкава;
- мікрараён Паўднёвы.
Дэзінсекцыю кляшчоў правядуць метадам абкурвання (фумігацыі). Выкарыстоўваць будуць інсектаакарыцыдны сродак “Цыпетрын” або аналаг. Апрацоўку тэрыторыі праводзяць за 3-5 дзён да наведвання яе людзьмі. Тэрмін дзеяння сродку складае ад 1 да 1,5 месяцаў.
У мінулыя гады падобную апрацоўку праводзіў Гродзенскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі (ГЗЦГЭ).
Чым небяспечныя кляшчы?
Для абуджэння іксодавых кляшчоў дастаткова, каб слупок тэрмометра паказваў + 5°C, паведамляе ГЗЦГЭ. Самая высокая актыўнасць кляшчоў – сярэдзіна траўня і чэрвень.
Іксодавыя кляшчы – захавальнікі ўзбуджальнікаў клешчавых інфекцый і іх пераносчыкі: клешчавога энцэфаліту, хваробы Лайма, чалавечага гранулацытарнага эрліхіёза і чалавечага монацытарнага эрліхіёза. Заразіцца імі можна пры прысмоктванні кляшча, раздаўліванні або расчэсванні месца прысмоктвання, трапленні змесціва ў вока.
У сезон 2021 года ў паліклінікі Гродзенскай вобласці звярнуліся 5372 пацярпелых ад укусаў кляшчоў, у тым ліку 1685 дзяцей (у 2020 годзе – 5807 зваротаў, у тым ліку 1874 дзіцяці).



