За першы тыдзень бязвіза, які для грамадзян Літвы і Латвіі пачаў дзейнічаць 15 красавіка, у Беларусь прыехалі больш за 3,6 тыс. чалавек. Пра гэта паведаміў Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі.
З 15 па 22 красавіка ў Беларусь прыехала 3678 замежнікаў. Часцей за ўсіх мяжу перасякалі літоўцы — 2376 чалавек. З Латвіі прыехала 1302 чалавека, з іх 318 — з пашпартамі неграмадзян Латвіі.
Міністэрства замежных спраў Літвы заклікае не наведваць Беларусь
«У Літве дасюль ёсць рэкамендацыя не ехаць у Беларусь. У першую чаргу з-за дзеянняў краіны супраць сваіх грамадзян, а таксама з-за яе дачынення да вайсковай агрэсіі Расіі ва Украіне», — сказала прадстаўніца міністра замежных спраў Літвы Вітаўтэ Шмайжыце-Кулешэне.
Міністэрства замежных спраў Латвіі таксама распаўсюдзіла рэкамендацыю не ехаць у Беларусь.
Міністр абароны Літвы: «Літоўцаў, якія едуць у Беларусь, вярбуюць»
«Наша контрвыведка фіксуе мноства выпадкаў, калі літоўцаў, якія накіроўваюцца ў гэтую краіну [Беларусь — заўв. Hrodna.life] альбо накіроўваюцца ў Расію, зараз спрабуюць завербаваць і атрымаць дадатковую інфармацыю, вельмі падрабязна распытваючы аб тым, што мы, калі б гэта адбывалася ў Літве, лічылі б шпіянажам», — сказаў міністр абароны Літвы Арвідас Анушаўскас.
Калі ўвялі бязвіз для грамадзян Літвы і Латвіі
Інфармацыя пра тое, што Беларусь разглядае магчымасць увесці бязвівавы ўезд для грамадзян сумежных, краін з’явілася 13 красавіка. Такім чынам улады хочуць «узмацніць дабрасуседскія адносіны і развіваць уязны турызм».
Грамадзяне Літвы і Латвіі, а таксама асобы з пашпартамі неграмадзян Латвіі, з 15 красавіка па 15 траўня могуць неабмежаваную колькасць разоў перасякаць беларускую мяжу. Таксама ім дазволена наведваць памежную зону без пропуску. Для гэтага пры ўездзе ў Беларусь трэба вусна паведаміць памежнікам пра месца і мэты наведвання.
Раней для ўезда на тэрыторыю Беларусі ім была патрэбна віза (за выключэннем бязвізавай зоны «Брэст — Гродна»).
Для ўезда на тэрыторыю Беларусі замежным грамадзянам неабходна мець ПЦР-тэст альбо сертыфікат аб вакцынацыі.
Чытайце таксама: