Пасяджэнне аб ліквідацыі Гродзенскага грамадскага аб’яднання «Краязнаўчае таварыства — Коматава» пройдзе 22 красавіка ў Гродзенскім абласным судзе. Пасяджэнне заўважыў Telegram-канал «Право имеют». Арганізацыя займалася вывучэннем гісторыі цэркваў, захаваннем і аднаўленнем гісторыка-культурнай спадчыны.
Ісцец — Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама. Суддзя — Сяргей Піпко. Пасяджэнне пачнецца ў 10.00.
Займаліся помнікамі археалогіі і гісторыяй храмаў
Арганізацыю зарэгістравалі ў 2011 годзе, калі рыхтаваўся пуск Гродзенскай ГЭС і ваколіцы Коматава чакала затапленне. Мэта арганізацыі - даследаваць гісторыю мясцовых цэркваў, садзейнічаць захаванню і аднаўленню гісторыка-культурнай спадчыны. Кіраўнік арганізацыі - ураджэнец вёскі краязнаўца Васіль Сямко. На 2020 год у складзе было 14 чалавек.
Пасля звароту арганізацыі Гродзенскі райвыканкам усталяваў на помніку археалогіі Коматава-5 інфармацыйны стэнд на рускай, беларускай, англійскай і польскай мовах. На 2021 год райвыканкам абяцаў вылучыць бюджэт на стварэнне мемарыяльнага знака — «капліцы памяці продкаў славянскага народа». Таго, каб у Коматава з’явілася такая капліца, Сёмка дамагаўся яшчэ 10 гадоў таму, але безвынікова. Арганізацыя планавала працягнуць пошук архіўных матэрыялаў па гісторыі Коматаўскай парафіі і гісторыі іншых цэркваў Гродна і Гродзенскага раёна.
Чым цікавая вёска Коматава
Коматава — вёска ў Гродзенскім раёне ў складзе Абухоўскага сельсавета.
Верагодна, у канцы 13 стагоддзя тут знаходзілася сядзіба Команда. Улетку 2009 года «чорныя капальнікі» разрабавалі побач з Коматава сярэднявечныя могілкі. Наваколлі Коматава трапілі ў зону затаплення Гродзенскай ГЭС. Адна з славутасцяў - Спаса-Праабражэнская царква 1844 года пабудовы.
Таксама побач з вёскай знаходзяцца:
- стаянка і селішча Коматава-2 перыяду каменнага веку, сярэднявечча,
- стаянка і паселішча Коматава-4 перыяду бронзавага веку, позняга сярэднявечча,
- сярэднявечны хрысціянскі могільнік і стаянка Коматава-5 перыяду каменнага веку, сярэднявечча, Новага часу,
- стаянка і селішча Коматава-6 перыяду каменнага, бронзавага вякоў, сярэднявечча, Новага часу.