На выезд з Літвы ў Беларусь стаяць шматкіламетровыя чэргі вялікагрузаў. Ім трэба пакінуць тэрыторыю ЕС да 16 красавіка 2022. Пры гэтым за 14 красавіка літоўскія памежнікі прапусцілі толькі 66% ад сутачнай нормы, паведаміў Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі.
У чым праблема
Еўрасаюз 8 красавіка прыняў пяты пакет санкцый. Паводле яго беларускім грузаперавозчыкам забаранілі працаваць у ЕС. З 9 красавіка беларускія фуры перасталі прапускаць у краіны ЕС. Ім дазволілі даставіць грузы і выехаць з ЕС да 16 красавіка. Выключэнні тычацца перавозкі пошты і грузаў для гуманітарных мэтаў - такім фурам можна будзе далей працаваць у Еўрасаюзе.
Скапленне фур звязана з кароткім тэрмінам на вяртанне грузавікоў у Беларусь, лічыць «АвтоГродно». Урад Літвы плануе павялічыць тэрмін вывазу беларускіх і расійскіх вялікагрузаў са сваёй тэрыторыі. Але канчатковае рашэнне яшчэ не прынялі.
Беларускія памежнікі вінавацяць у штучным старэнні чэргаў літоўскі бок. «Насуперак відавочным фактам, літоўская мытня, каб хоць неяк апраўдаць сябе, публікуе афіцыйныя паведамленні, абвінавачваючы беларускі бок у павольным афармленні. Інфармацыя, якая распаўсюджваецца літоўскімі крыніцамі, не адпавядае рэчаіснасці», — напісаў у сваім тэлеграм-канале Дзяржпагранкамітэт.
Сітуацыя на польскай мяжы
Дадзеныя аб чэргах на мяжы Польшчы і Беларусі на партале польскай памежнай службы па стане на 15 красавіка 14.00 не даступныя. Паводле партала Мініcтэрства фінансаў, у склад якога ў Польшчы ўваходзіць мытная служба, час чакання ў чарзе ў Баброўніках — 56 гадзін.
Кіроўцаў, якія да 16 красавіка паспеюць стаць у чаргу, наказваць не будуць. У іншым выпадку ім будзе пагражаць фінансавае пакаранне (ад 50 злотых да больш чым 10 тысяч), а груз прымусяць выгрузіць і пакінуць, сказаў прэс-сакратар падляскай адміністрацыі фінансаў Мацей Чарнецкі.
Паводле дадзеных Міністэрства фінансаў, у Баброўніках у цяперашні час толькі 30% грузавікоў у чарзе складаюць перавозчыкі не з Расіі ці Беларусі.
Польскія мытнікі з пачатку красавіка пачалі больш уважліва даглядаць грузавікі, якія едуць у Беларусь. Мэта — не дапусціць правозу тавараў, якія Расія можа скарыстаць для вядзення вайны.
Чытайце таксама: Чарга грузавікоў з польскага боку мяжы расцягнулася на 80 гадзін