Інжынера-праграміста з Гродзенскага упраўлення Міністэрства фінансаў Андрэя Сцепаненку 14 красавіка асудзілі на паўтара года калоніі агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна». Яго абвінавачвалі ў абразе прэзідэнта (арт.368 КК). Тры месяцы ён правёў у СІЗА турмы № 1 Гродна, адкуль яго 7 красавіка нечакана адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Андрэй не хацеў расказваць пра гэта заранёў, каб не «спужаць удачу». 12 красавіка яго заключылі пад варту ізноў.
Як яго затрымалі?
Андрэй — айцішнік, цікавіўся спортам, інтэлектуальнымі гульнямі, канцэртамі.
Яго затрымалі ў лютым за значок «Пагоня» на заплечніку. На судзе агучылі падрабязнасці затрымання. Андрэй прымаў удзел у спаборніцтвах па многабор'і. На ўваходзе ў спортзалу КДБ ахоўнік убачыў на заплечніку значок з «Пагоняй» і выклікаў міліцыю. Яны агледзелі рэчы і тэлефон. У адным з чатаў былі выяўлены абразы ў бок прэзідэнта.
Яго асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за «адзіночнае пікетаванне» па арт. 24.23 КаАП. 17 лютага ён не выйшаў пасля «сутак». Яго абвінавацілі ў абразе прэзідэнта. Акрамя таго, 11 сакавіка яго прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці па ч.2 арт. 19.11 КаАП, нібыта за тое, што ён спампаваў з ВК відэа гумарыстычнага зместу з лагатыпам Б**сат. На момант перасылкі матэрыялы Б**сат яшчэ не былі прызнаныя экстрэмісцкімі. Адразу пасля затрымання яго звольнілі з працы.
Віну прызнаў часткова
Справу разглядаў суддзя Уладзімір Пазняк, дзяржабвінаваўца — Вераніка Гур’янава. Суддзя вынес такі прысуд, які запатрабаваў дзяржабвінаваўца. Абвінавачаны на папярэднім следстве віну прызнаў цалкам, у судовым пасяджэнні часткова прызнаў, растлумачыў, што не ўсведамляў, што парушаў закон і што гэта было публічна.
Што за каментар?
Згодна з абвінавачваннем, Андрэй Сцепаненка, маючы намер публічна абразіць Аляксандра Лукашэнку, 11 жніўня 2020 года ў Telegram-чаце «Ліцэй 2002−2004 П/Т», наўмысна ў непрыстойнай форме размясціў выказванне: «У гэтым ёсць нейкае лагічнае зярнятка. Але я не хачу ў Польшчу. Я беларус і хачу жыць у Беларусі без Лукашэнкі. У Беларусі, у якой закон вышэй, важней якогасьці там вусатага…», — напісала «Вясна».
У чаце — 10 чалавек
9 жніўня 2020 года Андрэя затрымалі і асудзілі на штраф у 15 базавых велічынь (тады — 345 рублёў). Яго каментар быў адказам на прапанову з’ехаць з Беларусі.
«Паведамленне было напісана 11 жніўня 2020, калі па ўсёй краіне былі размовы, што выбары сфальсіфікаваныя, што адбываюцца беспарадкі. Чат быў створаны і выкарыстоўваўся выпускнікамі ліцэя ў колькасці 10 чалавек для зносін і арганізацыі вечара сустрэч выпускнікоў. У чаце я паведамленне пісаў на прапанову пакінуць Беларусь у сувязі з тым, што мяне затрымлівалі напярэдадні, нягледзячы на тое, што я ні ў якіх пратэстных акцыях не ўдзельнічаў. Быў аштрафаваны. На фоне такога засмучэння, крыўды было напісана паведамленне», — расказаў Андрэй у судзе, піша «Вясна».
Чытайце таксама: