З 11 красавіка адміністрацыя Ленінскага раёна Гродна будзе працаваць на новым адрасе — Лермантава, 2, паведамляе Telegram-канал «Гродно Плюс». Раней там размяшчаўся Камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама. У будынку прайшоў капітальны рамонт.
Цяпер адміністрацыя Ленінскага раёна займае будынак на вуліцы Савецкай, 10. Пераезд анансавалі яшчэ ў 2019 годзе. Памяшканні, якія вызваляцца, старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой абяцаў аддаць у арэнду бізнэсу. Іх мог бы заняць гандаль або харчаванне. Паводле планаў, пераезд павінен быў адбыцца яшчэ ў 2020 годзе. Раней Гой таксама казаў, што з Савецкай трэба прыбраць не толькі адміністрацыю, але і жыллё.
Будынак на Савецкой, 10 пабудавалі ў 1795 годзе. У пачатку XX стагоддзя там была кніжная крама, потым — натарыяльная кантора, аптэка, кватэры з крамамі і пякарня. Пасля Другой сусветнай вайны другі паверх займалі партыйныя кабінеты, а на першым была кандытарская. У 1970 годзе дах будынка пад вагой снегу абрынуўся, спатрэбіўся капітальны рамонт. Пазней там працавала крама «Тканіны», а ў пачатку 90-х гадоў - рэдакцыя газеты.