Гродзенскага Instagram-блогера Вадзіма Ермашука (Vadimati) этапавалі ў папраўчую калонію №2 ў Бабруйску. Гэта адбылося 27 сакавіка, паведаміў тэлеграм-канал “Право имеют”.

Вадзіма Ермашука 16 жніўня 2021 года затрымалі ў Шчучыне, дзе ён здымаў для свайго блога ролік пра мясцовы скейт-парк. Яго змясцілі ў ізалятар і тры разы судзілі па адміністрацыйных артыкулах: за “заклік да несанкцыяванага масавага мерапрыемства”, “паклёп на супрацоўнікаў ЖКГ і гравыканкама”, а таксама за “распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае прызывы да экстрэмісцкай дзейнасці”.
Пакуль Ермашук быў у ізалятары, на яго завялі дзве крымінальныя справы. Першая – здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370), другая – абраза прэзідэнта (арт. 368). Па іх Ермашука асудзілі 21 снежня 2021 года на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Хто такі Vadimati
Вадзім Ермашук — Instagram-блогер. Працаваў прадаўцом на рынку «Корона». Актыўна займаўся рэкламай мясцовага бізнеса. 27 кастрычніка 2020 года яго асудзілі на штраф у 20 базавых велічынь (на той момант 540 рублёў) у судзе Кастрычніцкага раёна за марш гродзенцаў 30 жніўня. Вадзім выказваўся супраць гвалту, падтрымліваў палітвязняў і наведваў суды па “палітычных” працэсах. Называў сябе “народным дэпутатам” і здымаў у гэтым вобразе відэа.
Чытайце таксама: «Нават у царскі час блазнаў не казнілі». Сваякі гродзенскага блогера Вадзімаці кажуць, што на яго рыхтуюць некалькі крымінальных спраў


