Замест насаджэнняў, якія вырубілі ў Гродне ў час будаўніцтваў і рэканструкцый, высадзяць новыя. Акрамя таго, горад плануюць упрыгожыць кветнікамі. Пра гэта паведаміў тэлеканал «Гродна Плюс».
Кампенсаваць вырубленыя насаджэнні будуць клёнамі, бярозамі, ясенямі і іншымі дрэвамі.
Таксама ў горадзе плануюць зрабіць кампазіцыі з 30 відаў кветак. Сярод іх петуніі, бягоніі, рэзініі, пеларгоніі. Агулам высадзяць да паўмільёна адзінак кветкавай рассады.
Чытайце таксама: На Ажэшкі спілавалі старыя каштаны. Ці высадзяць замену?
Дзе ўжо высадзілі новыя дрэвы
На вуліцы Фамічова ўжо высадзілі 30 новых ліственных дрэваў. Гэта зрабілі прадстаўнікі гарадской інспекцыі аховы прыроды, адміністрацыі Кастрычніцкага раёна і навучэнцы каледжа мастацтваў.
У Гродне распрацавалі схему азелянення горада
Схему азелянення Гродна распрацавалі ў лістападзе 2021 года. З гарадскога бюджэту на яе выдаткавалі 155 тысяч рублёў. Зараз на кожнага гродзенца прыходзіцца па 15 квадратных метраў дрэў і кустоў, а ўсяго тры гады таму гаворка ішла пра 3,6 квадрата. Да 2030 улады плануюць дасягнуць 22 квадратных метраў зеляніны на чалавека.
Чытайце таксама: Кажуць: «дрэвы», а саджаюць «пруткі». Чаму Гродна дагэтуль не патанае ў парках, і навошта нам схема азелянення
Тры гады таму Гродна быў на апошнім месцы па азеляненні сярод абласных цэнтраў
У 2019 годзе большасць абласных цэнтраў не дацягвала да нормы азелянення ў 40%: у Гродне паказчык быў найменшы — 21,3%, у Брэсце — 26%, у Віцебску — 24,6%, Магілёве — 32%. Паказчыкі былі ў норме ў Гомелі (40,7%) і Мінску (41,06%). У 2020 Брэст дасягнуў ужо 45,5% і стаў самым зялёным горадам Беларусі.
Перспектыўны ўзровень азелянення спецыялісты заклалі ў генеральныя планы развіцця гарадоў. Для Мінска гэта ад 30 да 55% у высакашчыльнай і змяшанай шматкватэрнай забудове, ад 30 да 70% - у сядзібнай забудове (да 2030 года); для Брэста — 45,0% (да 2030 года); Віцебска — 43,0% (да 2025 года); Гомеля — 41,0% (да 2025 года); Гродна — 40,3% (да 2030 года); Магілёва — 41,0% (да 2025 года).
Чытайце таксама: