Лаўндж-бар «Silencio» пачаў працу ў тэставым рэжыме з 31 сакавіка. Ён знаходзіцца ў тым жа будынку, дзе калісьці была крама этна-сувеніраў «Лёля» (вул. Вялікая Траецкая, 7).
Рыхтавалі пляцоўку амаль тры месяцы
Уласнікі выбралі месца невыпадкова. Яны шукалі будынак у гістарычным цэнтры, а дадатковым плюсам стала тое, што будынак мае два паверхі. Падрыхтаваць пляцоўку для прыёма гасцей заняло каля трох месяцаў.
Канцэпцыя — месца, каб расслабіцца
Лаўндж-бар — месца для адпачынку і поўнага расслаблення. Прыкметы лаўндж-бара: лёгкая, ненадакучлівая музыка, спецыяльна нягучная, утульная абстаноўка і зручная мэбля. Такіх ідэяў стараліся прытрымлівацца ўладальнікі бара, калі рыхтавалі канцэпцыю ўстановы.
Па буднях установа будзе працаваць у лаўндж-фармаце. Выхадныя абяцаюць быць напоўненыя драйвам, плануюць запрашаць дыджэяў.
У бары 21 пасадкавае месца. Столікі можна замаўляць загадзя праз Instagram.
Што па напоях і меню?
У «Silencio» багатая гарбатная карта — каля 30 пазіцый: ад звычайнай гарбаты да пу эра і ўлуна. Кошт любой гарбаты — 8 рублёў за 1200 мл. Алкагольная прадукцыя прадстаўлена як традыцыйнымі моцнымі і слабаалкагольнымі напоямі, так і фірмовымі кактэйлямі ды шотамі, якіх таксама каля 30 пазіцый.
Сваёй кухні ў бары няма і хутчэй за ўсё не будзе. Ёсць магчымасць наладзіць супрацоўніцтва з рэстарацыямі і кавярнямі, што побач.
З нядзелі па чацвер «Silencio» працуе з 18:00 да 02:00, з пятніцы па суботу — з 18:00 да 04:00.