«Музей лідскага бровара» адкрылі ў Лідзе 29 сакавіка. Яго размясцілі ў гістарычным будынку піўзавода «Лідскае піва». Для наведвальнікаў музей пачне працаваць у красавіку. У музеі экскурсантам не толькі раскажуць пра гісторыю піва, але і навучаць дэгуставаць розныя гатункі. У экспазіцыі музея выкарысталі сучасныя мультымедыйныя тэхналогіі і інтэрактыўныя зоны.
Музей размяшчаецца на чатырох паверхах. На першым — экспазіцыя пра развіццё піваварэння ад старажытных шумераў па сённяшні дзень. Акрамя гэтага там прадстаўлена калекцыя бутэлек і этыкетак канца ХІХ — пач. ХХ стагоддзя.
На другім паверсе размясцілі інтэрактыўныя зоны. Там можна даведацца пра араматы, пахі і інгрыдыенты, якія належаць таму ці іншаму сорту піва. Таксама можна азнаёміцца з табліцай стыляў піва і разнастайнымі формамі піўных куфляў. Пасля інтэрактыўнай гульні можна атрымаць імянную этыкетку, піша сайт Tio.by.
Трэці паверх прысвяцілі гісторыі развіцця «Лідскага піва». На чацвёртым паверсе — дэгустацыйная зала. У ёй гід распавядзе пра правілы дэгустацыі і культуру піцця піва.
Да адкрыцця музея рыхтаваліся чатыры гады
Будынак, у якім размясціўся музей, рыхтавалі з 2018 года. Да 2019 года там адбываліся рэстаўрацыйныя працы па аднаўленні фасадаў гістарычнага будынка варкі. У 2020−2021 рамонт праводзілі ў памяшканнях музея. Апошнім этапам стала стварэнне музейнай экспазіцыі.
Дзе знаходзіцца музей і як у яго патрапіць
Новы музей адкрылі ў Лідзе на вуліцы Міцкевіча, 32. Ён працуе з серады па нядзелю з 10:00 па 18:00. Наведаць яго могуць асобы, якія маюць 18 гадоў. Цана экскурсіі 20 рублёў. Запісацца на экскурсію можна на сайце музея.