З прадстаўнікамі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, якіх затрымлівалі і судзілі за экстрэмісцкія матэрыялы, правядуць «тлумачальную працу». Гэта стала вядома з дакумента, які трапіў у рэдакцыю Hrodna.life. Суразмоўца Hrodna.life сцвярджае, што гэта сапраўдны дакумент.
Дакумент за подпісам прарэктара па бяспецы, рэжыму і кадрах універсітэта В. А. Якута трапіў у рэдакцыю Hrodna.life. Супрацоўнік з гэтымі ініцыяламі сапраўды узгадваецца на сайце універсітэта.
Асудзілі трох прадстаўнікоў ВНУ
У дакуменце ён паведамляе кіраўнікам структурных падраздзяленняў, гэта значыць факультэтаў, што ў лютым-сакавіку 2022 года трох прадстаўнікоў універсітэта затрымала міліцыя. Аказалася, што на тэлефонах яны захоўвалі інфармацыйную прадукцыю, уключаную ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Па версіі міліцыі — з мэтай распаўсюджвання. Не пазначана, з’яўляюцца прадстаўнікі супрацоўнікамі універсітэта або студэнтамі.
У судзе Ленінскага раёна Гродна іх судзілі па ч. 2 арт. КаАП. Усім тром далі штраф у 25 базавых велічынь (800 рублёў). Мабільныя тэлефоны канфіскавалі як сродкі здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння.
Верагодна, адзін з затрыманых — Сяргей Батаеў, якога выклікалі да ўчастковага, а пазней — у РАУС. На Сяргея паступіў «сігнал» з папраўчай установы адкрытага тыпу № 24 на вуліцы Лідскай, падпісаны часова выконваючым абавязкі начальніка.
Аб прафілактыцы папрасіў суддзя
Таксама ў дакуменце ўніверсітэта пазначана, што суддзя Ленінскага раёна г. Гродна вынес прыватнае вызначэнне аб неабходнасці ўзмацнення прафілактыкі, выхаваўчай працы са студэнтамі і супрацоўнікамі ўніверсітэта. Гэта робяць у мэтах недапушчэння ўчынення новых правапарушэнняў.
Прарэктар папрасіў правесці тлумачальную працу. У дакуменце пазначана, што яе правядуць з дапамогай прэзентацыі на трох лістах, тэматычных матэрыялаў (12 лістоў) і Рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў (299 лістоў).
Чытайце таксама:
- У Гродне медыка асудзілі на чацвёра сутак арышту. Прычына — «экстрэмізм» і «дэманстрацыя нацысцкай атрыбутыкі»
- «Вы свядомы — затрымліваць вас не будзем». На хірурга з Гродна паскардзіліся з «хіміі» — ён атрымаў штраф
- «Навучыўся спаць стоячы». Затрыманы ў Гродне анестэзіёлаг — пра трое сутак у ІЧУ і адміністратыўку за «Пагоню»
- Медыку Аляксандру Цялегу вынеслі прысуд у Гродне: чатыры гады калоніі