Польшча адмяніла каранавірусныя абмежаванні з 28 сакавіка. Каб патрапіць у краіну з-за мяжы Шэгенскай зоны ўжо не спатрэбіцца сертыфікат аб вакцынацыі ці ПЦР-тэст, а па прыбыцці ў Польшчу не трэба будзе праходзіць каранцін. Пра гэта паведаміў Польскі памежны камітэт.
Міністр аховы здароўя Польшчы Адам Нядзельскі 24 сакавіка паведамляў толькі пра адмену самаізаляцыі для тых, хто жыве з хворымі і тых, хто прыехаў з-за мяжы. Акрамя гэтага ў Польшчы з 28 сакавіка адмянілі масачны рэжым у памяшканнях, акрамя медычных устаноў і аптэк.
Абмежаванні таксама зняла Расія, але толькі для грамадзян Беларусі
Абмежаванні на перасячэнне мяжы Беларусі і Расіі знялі з 18 сакавіка. Па прыездзе ў Расію не патрабуецца падстава для ўезду, а таксама ПЦР-тэст альбо сертыфікат аб вакцынацыі.
Таксама гэтая мера дазволіць грамадзянам Беларусі прасцей выязджаць у іншыя краіны транзітам праз Расію. Напрыклад, у Латвію, куды беларускія памежнікі без асаблівай падставы не выпускаюць.
Ці плануюць здымаць абмежаванні ў Літве
У Літве пакуль плануюць адмовіцца толькі ад абавязковага нашэння масак у памяшканнях, піша Delfi.lt. Гэта павінна адбыцца ў красавіку, паведаміла віцэ-міністр аховы здароўя Літвы Аўшра Білатэне-Матэюнене.
Ці можна выехаць з Беларусі ў Польшу
Улады Беларусі 21 снежня 2020 увялі часовую забарону на выезд з краіны праз наземныя пункты пропуску. Афіцыйная прычына — прадухіленне распаўсюду ў краіне COVID-19. Забарона не распаўсюджваецца на асобаў з дыпламатычнымі і служэбнымі пашпартамі, афіцыйныя дэлегацыі, кіроўцаў міжнародных аўтамабільных перавозак, экіпажы паветраных і марскіх судоў, чыгуначныя брыгады, камандзірованых і некаторыя іншыя катэгорыі грамадзян. Выезд з Беларусі дасюль дазволены толькі ў Расію.