Лекара-хірурга з Гродна Сяргея Батаева нечакана выклікаў участковы. Аказалася, на яго старонцы знайшлі падпіскі на каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі, і паскардзіліся на лекара ў міліцыю. Адным выклікам да ўчастковага не абышлося: пазней Сяргея выклікалі ў РАУС, адтуль адвезлі ў суд і аштрафавалі на 25 базавых велічынь (800 рублёў).
Сяргей Батаеў - урач-хірург з Гродна. Працуе, «як і многія», на чатырох працах: асістэнтам на кафедры хірургіі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, вучыць медыцыне студэнтаў-замежнікаў на англійскай мове, урачом-хірургам у Гродзенскай універсітэцкай клініцы, урачом-практолагам медцэнтра ЛОДЭ. Жанаты, трое дзяцей.
— Чалавек я сумленны, усе акаўнты ўсюды адкрытыя, заўсёды кажу і пішу, што думаю і адчуваю. Усё было добра, ну, наколькі цяпер можа быць, да пятніцы 18 сакавіка, — распавёў Сяргей Hrodna.life.
18 сакавіка яго выклікаў участковы у «апорку» для тлумачэнняў. Сяргей праходзіць перарэгістрацыю паляўнічай стрэльбы, таму вырашыў, што яго выклікалі па гэтым пытанні. У апорным пункце аказалася, што справа не ў гэтым. На Сяргея паступіў «сігнал» з папраўчай установы адкрытага тыпу № 24 на вуліцы Лідскай, падпісаны часова выконваючым абавязкі начальніка. Да таго дня медык нават не ведаў пра існаванне ўстановы.
У рапарце было паведамленне, што падчас маніторынгу інтэрнэту ў сацсетках Сяргея знайшлі «непрымальны кантэнт» у выглядзе некаторых публікацый і падпісак на «Б**сат», «Страну для жизни», «Z**kalo.io». Сяргей даў тлумачэнні і падпісаў паперу аб тым, што з ім правялі гутарку, і што ён «ведае, што такое экстрэмізм і г.д».
На гэтым справа не скончылася. У нядзелю 20 сакавіка, пакуль лекар быў на дзяжурстве, яму патэлефанаваў участковы і паведаміў, што прынятая пастанова аб яго адміністрацыйным арышце. «Я ў шоку, ён кажа: «Вы свядомы — затрымліваць вас не будзем, явіцеся самі ў панядзелак на Гая».
Сяргей сабраў рэчы — як яму параілі на ўсялякі выпадак, і прыйшоў у Кастрычніцкі РАУС 21 сакавіка. У яго канфіскавалі тэлефон, далі падпісаць дакументы і адвезлі ў суд Кастрычніцкага раёна, дзе лекара судзіў суддзя Максім Галубовіч. Усё было «вельмі імкліва і хутка».
«Спытаў, як я стаўлюся да фашызму, і што б было, калі б я размясціў свастыку на старонцы. У апраўданне я сказаў, што нічога не захоўваў і не распаўсюджваў, а проста быў падпісаны. Але ў ходзе ўсяго зразумеў, што калі адкрыты акаунт — любы можа зайсці і паглядзець, і гэта прыраўноўваецца да распаўсюджвання», — распавёў аб пасяджэнні Сяргей. Ён адзначыў у судзе, што быў падпісаны на гэтыя каналы да рашэння судоў аб прызнанні іх экстрэмісцкімі.
Таксама суддзя спытаў пра пост Сяргея супраць вайны ва Украіне. «Там былі словы «Слава Украіне», «Жыве Беларусь» і «акупанты гоу хоўм». Я сказаў, што нічога дрэннага не ўгледзеў у словах з гімна суседняй брацкай краіны, радка з верша Купалы. А пра акупантаў - гэта маё асабістае меркаванне на тое, што адбываецца, і Канстытуцыя не забараняе. Ён толькі заўважыў, што мне 45 гадоў і ў мяне трое дзяцей, і, тыпу, вам гэта трэба?" — распавёў медык.
Адразу ж вынеслі рашэнне суда па ч. 2 арт. 19.11 КаАП «Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Сяргей заплаціць штраф у 25 базавых велічынь (800 рублёў). Таксама ў яго канфіскавалі тэлефон коштам 900 рублёў - як прыладу здзяйснення правапарушэння.
Асцерагаючыся арышту, Сяргей узяў адпачынак за свой кошт — не хацеў, каб аб позвах даведаліся на рабоце. У бліжэйшы час ён плануе закрыць сацсеткі.
— Гісторыя вельмі цікавая, я да гэтага часу ў невялікай прастрацыі ад таго, што адбываецца. Трохі не прыйшоў у сябе да гэтага часу, — прызнаўся Сяргей. — Шчыра, вельмі стамляешся выхоўваючы траіх дзяцей, на чатырох працах, яшчэ і гэта… Каму я так перашкодзіў, занадта адкрыты…
Ці будзе абскарджваць рашэнне суда, Сяргей пакуль не вырашыў.
Чытайце таксама:
Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…
Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…
Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…
Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…
Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…
Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…