Гродзенскі мясакамбінат хоча абнавіць свой гандлёвы павільён насупраць рэстарана «Королевская охота». Кіёск, што побач з домам па вул. Ажэшкі, 8, прыбяруць. На яго месцы з’явіцца прасторная «Кулінарыя» ў «класічным» стылі. Візуалізацыю размясцілі на сайце дзяржзакупак, яе заўважыў канал Urban Hrodna. Глядзіце, як зменіцца цэнтр горада.
Памеры павільёна — 10 метраў у даўжыню, 3,2 — у шырыню і 3,4 — у вышыню. Гандляваць там будуць круглы год: пры пабудове разлічаць зімовую снегавую нагрузку, а сцены і падлогу ўцяпляць. Павільён плануюць размясціць да 6 чэрвеня. Ён будзе мабільным і пры неабходнасці яго будуць перамяшчаць у іншае месца.
Гродзенскі мясакамбінат разглядае беларускія і імпартныя варыянты. Кошт закупкі - 150 000 рублёў з уласных сродкаў прадпрыемства. Калі ўдзельнікі прапануюць тавар беларускага паходжання, дапускаецца павышэнне цаны ў межах інфляцыі.