Галерэя «Grishuk Arsenal» адкрылася 18 сакавіка на вул. Маркса, 11. Уладальнік — былы дырэктар Гродзенскага мясакамбіната і ганаровы гараджанін Анатоль Грышук. У экспазіцыі халодная зброя, пудзілы жывёлаў і ўзнагароды. Журналіст Hrodna.life даведаўся, чым цікавы новы гродзенскі музей.
Галерэю размясцілі ў трох пакоях на другім паверсе старой камяніцы. У ёй экспануецца калекцыя халоднай зброі: мячы, шаблі, шпагі, нажы. Таксама прадстаўлены рыцарскія даспехі часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Акрамя гэтага, уладальнік галерэі размясціў сямейныя рэліквіі, гадзіннікі, медалі і значкі.
Асобны стэнд прысвечаны зброі часоў СССР і Вялікай Айчыннай вайны. У трэцім пакоі сабрана экспазіцыя, прысвечаная паляванню і рыбнай лоўлі.
Галерэя працуе з аўторка па нядзелю з 10:00 па 19:00. Уваход 5 рублёў.
Анатоль Грышук нарадзіўся 6 лістапада 1955 года ў вёсцы Галынка Бераставіцкага раёна. На Гродзенскі мясакамбінат прыйшоў у сярэдзіне 70-х гадоў, затым працаваў у сферы мясамалочнай прамысловасці. На камбінат вярнуўся ў 1989 годзе і з таго часу быў яго нязменным кіраўніком да 2019 года. Анатоль Грышук ажыццявіў многія смелыя ідэі: стварыў агратурыстычны комплекс «Каробчыцы», заснаваў штогадовы пленэр разбяроў, фазанарый у Парэччы і рэалізаваў дзясяткі іншых праектаў. Актыўна захапляўся гандболам, гуляў на пазіцыі брамніка, а апошнія гады актыўна наведваў гандбольныя матчы з удзелам гродзенскіх каманд.