Побач з уваходам на Сцежку здароўя ў Пышках пачалі будаваць рэстарацыю з летняй тэрассай на даху. Будаўніцтва плануюць скончыць да вясны 2023 года. Пра гэта паведаміла газета «Вечерний Гродно».
На ўчастку ўжо вырылі катлаван. Сам будынак будзе двухпавярховы з плоскім дахам. Там павінны размясціць летнюю тэрасу, на якой будуць сталы і шэзлонгі. Раней на гэтай пляцоўцы ў летні перыяд размяшчаўся фургон з фастфудам.
UPD: Таксама на тэрыторыі новага аб’екта арганізуюць фуд-корт з рознымі накірункамі. Ад традыцыйнага стрыт-фуда да марозіва і здаровага харчавання. У залах на кожным паверсе будуць адкрытыя тэрасы. Пад навесамі размясцяць сталы, крэслы, канапы і шэзлонгі.
Будынак спраектавалі такім чынам, каб з любога месца можна было ўбачыць парк, напісаў «NewGrodno».
Участак набыла на аўкцыёне гродзенская кампанія «Пинса». Уладальнік фірмы Андрэй Рыжкоў пакуль не кажа, будзе гэта кафэ ці рэстаран.
Колькі навабудаў будзе ля Пышкоў
Побач з гэтай кропкай харчавання пабудуюць яшчэ адну. Права арэнды ўчастка на вуліцы Болдзіна, таксама ля ўваходу на сцежку здароўя, прадалі 15 сакавіка. Пакупнік — бізнесовец з Мінска. Ён адмовіўся расказаць, што плануе пабудаваць. Па ўмовах аўкцыёна там павінны пабудаваць кропку грамадскага харчавання альбо бізнес-цэнтр. Вышыня будынка не павінна перавышаць 4,5 метры. Зараз на гэтым месцы паркуюць аўто.
Яшчэ адзін участак паміж вуліцамі Вясенняй і Фествальнай пачалі забудоўваць восенню 2021 года. Там таксама запланаваны бізнес-цэнтр з рэстаранам. Крыху далей, бліжэй дома № 19 на Вясенняй, плануецца пабудаваць трохпавярховы офісны будынак.