Права арэнды ўчастка на вуліцы Болдзіна, каля ўваходу на сцежку здароўя ў Пышках, прадалі 15 сакавіка. Пакупнік — бізнесовец з Мінска. Ён адмовіўся расказаць, што плануе пабудаваць. Пра гэта паведаміла газета «Вечерний Гродно».
Уласна таргі не адбыліся, бо на аўкцыён зарэгістраваўся толькі адзін удзельнік. Паводле правілаў, у такім выпадку ўдзельнік купляе аб’ект за пачатковую цану +5% ад яе. Пачатковая цана ўчастка — 23,7 тыс. рублёў.
Інвестару трэба будзе кампенсаваць выдаткі Гродзенскай гарадской ЖКГ за спілоўванне дрэваў, знос тратуараў і апораў асвятлення, размешчаных на арандаваным участку. Камунальшчыкі ацанілі выдаткі ў 8700 рублёў.
Што інвестар павінен пабудаваць
На ўчастку плошчай 20 сотак можна будзе пабудаваць кропку грамадскага харчавання альбо бізнес-цэнтр. Вышыня новага будынка не павінна перавышаць 4,5 метры. Зараз на гэтым месцы паркуюць аўто.
На Вясенняй будзе чатыры бізнес-цэнтры
Насупраць набытага надзела, злева ад уваходу на сцежку здароўя, ужо адбываецца будаўніцтва бізнес-цэнтра. Трохпавярховы будынак з вітражным шкленнем плануюць адкрыць летам 2022 года. Там будуць офісы, гандлёвыя памяшканні і кропка грамадскага харчавання.
Агулам на адрэзку вуліцы Вясенняй даўжынёй каля 300 метраў паводле планаў мясцовых уладаў павінна з’явіцца не менш за чатыры бізнес-цэнтры.
Скрыжыванне вуліц Вясенняй і Каліноўскага ў будучыні павінна стаць часткай аб’язднога кола для транспарта. Згодна з генеральным планам развіцця горада да 2030 года, па дыяганалі ад будучага будынка з’явіцца новы мікрараён «Вясенні». Праектыроўшчыкі прапануюць пабудаваць на колавым скрыжыванні шматпавярховую стаянку. Яе будаўніцтва запланавана да 2025 года.
Чытайце таксама: Возле тропы здоровья в Гродно могут появиться ларьки или киоски