Тралейбус №20, які зараз ходзіць па маршруце “Гроднапрамбуд-Дзевятоўка”, зноў будзе хадзіць на Вішнявец. Яго пусцяць праз Усходні мост.
Тралейбус перастаў хадзіць на Вішнявец з-за цалкам закрытага на рамонт Румлёўскага моста. З 13 сакавіка маршрут тралейбуса з №20 “Гроднапрамбуд – Дзевятоўка” мяняецца на № 20 “Вішнявец – Дзевятоўка”.
Ён паедзе ў прамым кірунку: прыпынак “Вішнявец” – праспект Кляцкова, далей праспект Я. Купалы – Усходні мост – вуліца Карскага – прыпынак “Гродна Азот” – праспект Касманаўтаў – вуліца Магістральная. Далей па сваім маршруце без зменаў.
У зваротным кірунку: прыпынак “Дзевятоўка” – вуліца Магістральная (без зменаў). Далей праспект Касманаўтаў – прыпынак “Гродна Азот” – вуліца Карскага – Усходні мост – вуліца Паўднёвая – прыпынак “Вішнявец”.
Калі завершаць працы
Рамонт моста плануюць скончыць да чэрвеня. Раней рух не збіраліся перакрываць цалкам. Мост цалкам закрылі спачатку на два дні у лютым, пасля паведамілі, што ён не адкрыецца да 1 красавіка.
11 сакавіка з’явілася інфармацыя, што рух па Румлёўскім мосце не адновіцца яшчэ мінімум тры месяцы. Зараз актыўны рамонт на мосце прыпынены. На афармленне тэхнічнага рашэння для далейшых работ сыдзе тыдзень-паўтары, лічыць старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой.
Рамонт працягне эксплуатацыю моста яшчэ на 25 гадоў, расказаў старшыня аблвыканкама Уладзімір Каранік. Да гэтага з адкрыцця ў 1986 годзе мост ні разу не рэканструявалі і не праводзілі капрамонту.
Наступны ў чарзе на рамонт – мост па вуліцы Паповіча (Новы мост).


