Гродзенскі нэафолк праект «Вочы» выпусціў новы альбом «Дзіва». Рэліз адбыўся 22 лютага 2022 года. Ён стаў вынікам пяцігадовай працы 12 музыкаў і шасці гукарэжысёраў. У альбом увайшлі 10 песень. Тэлеграм-канал «Радыё «Harodnia» даведаўся ў лідара праекту «Вочы» Юрыя Дубовіка, чаму праца над альбомам расцягнулася на пяць гадоў.
«Вельмі шмат людзей прымалі ўдзел у стварэнні гэтага альбому. Кожнага патрэбна было асобна запісаць, таму працэс зацягваўся. Да таго ж мы задзейнічалі некалькі саундпрадзюсараў, кожны з іх працаваў з асобнымі трэкамі, і ў кожнага свой аўтарскі стыль апрацоўкі. Пэўны час заняла фінальная стадыя агульнага мастэрынгу», — распавёў тэлеграм-каналу «Радыё «Harodnia» музыка Юрый Дубовік.
Яму ўпершыню самому давялося выступіць у ролі саунпрадзюсара — апрацаваць дзве песні. Усяго разам са ім у апрацоўцы гуку ўдзельнічалі шэсць чалавек. Музыкантаў, чыю ігру можна пачуць на альбоме, было агулам 12.
«На жаль, адзін з іх — Сяргей Халодны — адышоў у іншы свет, але яго праца жыве. У песні „Дзеўчыночка“ можна пачуць яго цудоўныя барабаны», — кажа Дубовік.
Запісвалі альбом у Гродне. Дзве песні запісалі ў студыі Вячаслава Лукашэвіча. Звядзенне і апрацоўку гуку таксама рабілі ў Гродне.
«Зразумела, што ў кожнага з гукарэжысёраў свой аўтарскі почырк. Таму песні адрозніваюцца», — сказаў Юрый.
Падчас запісу музыкі Дар’я Багаслова і Васіль Валошчык выкарысталі ўвесь дыяпазон флейт: ад класічнай флейты да сапілак, пішчалак, пан-флейты. Таксама выкарысталі варганы розных майстроў з усяго свету.
«У адной з песень можна пачуць залаты варган — у творы „Коні“. Але насамрэч у варганах галоўнае — не матэрыял, з якога яны зроблены, а майстар, які яго стварыў і музыкант, які на ім грае», — сказаў Юрый.
Таксама музыкі выкарысталі этнічныя ўдарныя інструменты: джамбеі, дарбукі, кахоны. «Усё з розных краін, з розным гучаннем — у гэтым свая спецыфіка», — сказаў Юрый.
Не зусім у стандартнай манеры запісалі голас. Амаль што ва ўсіх песнях можна пачуць харавое шматгалоссе. Яго Юрый запісаў адзін, выкарыстоўваючы накладанне галасоў. Такім чынам атрымаўся эфект этнічнага хору.
«Тое, што наш альбом запісаны быццам адным трэкам — рэдкасць сёння. Такія канцэптуальныя альбомы выдаваліся ў 70-я гады. Таксама мы падкрэсліваем, што ў нас антыкамерцыйны накірунак альбома. Мы яго стварылі дружным калектывам гродзенскіх музыкантаў. І яго трэба слухаць адной дарожкай, каб атрымаўся эфект цэласнасці. Зразумела, мы альбом разаб’ём на асобныя трэкі, але згубіцца адзінства», — распавёў Юрый.
Усе песні звязаны паміж сабой канцэптуальнымі эфектамі. Юрый Дубовік цягам году запісваў розныя гукі наўкола з дапамогай студыйнага дыктафона. Гэта было складана, бо запісаць тыя ж галасы птушак у горадзе немагчыма — паўсюль чутны аўтамабілі. Каб атрымаць чыстыя птушыныя спевы, Юрый ездзіў за Гродна. Таксама асобна запісваў гукі гродзенскіх кавярняў, свае крокі, калі заходзіў дамоў, гукі горада. Выкарыстоўвалі і чужыя гукі, але іх няшмат — напрыклад, гукі космасу.
«Мы зрабілі гэта для таго, каб кожны, хто слухае альбом, адчуў яго атмасферу», — сказаў Юрый.
«Гэта неверагодна, але факт: песні на беларускай мове да мяне прыходзяць самі, у адрозненні ад рускамоўных, а часцей за ўсё я пішу менавіта на рускай мове. Цікава тое, што я не так моцна разбіраюся ў беларускай мове, каб спецыяльна сесці і напісаць песню. Таму яны прыходзяць да мяне самі, і заўсёды цалкам. Я іх „чакаю“, хоць гэта і гучыць дзіўна. Песні з гэтага альбому я напісаў на працягу пяці гадоў», — распавёў Юрый.
Музыкі хочуць паспрабаваць максімальным складам прайграць гэты альбом ужывую. «Атрымаецца без эфектаў гукавых, але парадак песень будзе той самы. Зразумела, што нам патрэбна вялікая сцэна, каб нас усіх змясціць, — у звычайных клубах месца для нас мала. Ёсць асобыя задумкі для шоу, але гэта хай будзе пакуль у сакрэце», — сказаў Юрый.
У канцы красавіка — пачатку траўня музыкі плануюць невялікі проматур па гарадах Беларусі.
Паслухаць альбом можна на старонцы «ВКонтакте» альбо на YouTube.
Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…
Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…
Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…
Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…
Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…
Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…