Еўракамісія прыпыніла трансгранічнае і транснацыянальнае супрацоўніцтва з Расіяй і Беларуссю. Заяўкі на бюджэтную перспектыву трансгранічнага супрацоўніцтва ў 2021−2027 гадах ад Беларусі прымаць не будуць. Па праектах, якія існуюць цяпер, трансфераў з ЕС таксама больш не будзе. Такая інфармацыя з’явілася на сайце Еўракаміссіі 4 сакавіка.
У сувязі з расійскай ваеннай агрэсіяй супраць Украіны Еўракамісія вырашыла цалкам рэалізаваць усе абмежавальныя меры Еўрасаюза. Беларусь у гэтым выпадку разглядаюць як саюзніка Расіі. Гэта азначае таксама, што ніякіх далейшых плацяжоў у Расею ці Беларусь здзяйсняць не будуць.
Рашэнне неадкладна ўступае ў сілу для дзевяці праграм трансгранічнага супрацоўніцтва Еўрапейскага інструмента суседства (ENI CBC) з удзелам Расіі і Беларусі, а таксама для транснацыянальнай праграмы Interreg рэгіёну Балтыйскага мора ў рамках праграмнага перыяду 2014−2020 гадоў. Агульны аб’ём фінансавання ЕС для дзвюх праграм з Беларуссю складае 257 мільёнаў еўра, для васьмі праграм з Расіяй — 178 мільёнаў еўра. Беларусь удзельнічала ў праграмах трансгранічнага супрацоўніцтва «Латвія-Літва-Беларусь» і «Польшча-Беларусь-Украіна».
Супрацоўніцтва з абедзвюма краінамі ў рамках праграм у межах новага праграмнага перыяду 2021−2027 гадоў таксама прыпынена.
Палажэнне аб праграме супрацоўніцтва ENI прадугледжвае такую меру як прыпыненне ў выпадку парушэння міжнароднага права, правоў чалавека, дэмакратычных прынцыпаў і вяршэнства закона.
«Расейская вайсковая агрэсія з’яўляецца абуральным парушэннем Статута ААН, міжнароднага права і парадку, заснаванага на правілах. Прыпыненне ўсіх трансгранічных і транснацыянальных праграм і плацяжоў у Расію і Беларусь і, у той жа час, узмацненне падтрымкі Украіны з’яўляецца канкрэтным выяўленнем еўрапейскай салідарнасці і палітыкі згуртавання з украінскім народам», — сказала камісарка па пытаннях згуртаванасці і рэформаў Эліза Ферэйра.
Якія праекты былі ў Гродзенскай вобласці?
У рамках трансгранічных праграм падтрымкі былі рэалізаваны такія праекты, як стварэнне веламаршрута паміж Гроднам і Саколкай «Шляхам Тызенгаўза» і рэстаўрацыя будынка былога архіва ў Гродне, уладкаванне веламаршрутаў з месцамі адпачынку ў Пышках і на Аўгустоўскім канале. Узмацнілі магчымасці киналагичнай службы на Гродзенскай мытні і ўсталявалі рэнтгенаўскую сканавальную сістэму кантролю ў пункце пропуску «Бераставіца», паляпшалі інфраструктуру і прапускную здольнасць і на іншых пунктах. У Навагрудскім раёне развілі аднаўляльныя крыніцы энергіі. Былі праекты і ў галіне медыцыны, культуры, паляпшэння дарожнай інфраструктуры, развіцця турызму, аховы навакольнага асяроддзя.
Чытайце таксама: «Шлях Тызенгаўза» признали лучшим туристическим продуктом Подляшья
Акрамя таго збіраліся рэалізаваць праект па аднаўленні вяндлярні ў сядзібна-паркавым комплексе Храптовічаў XVIII стагоддзя і кулінарнага фестывалю ў Шчорсах (Навагрудскі раён), але адмовіліся ад яго рэалізацыі праз ліквідацыю недзяржаўнага фонду — удзельніка праекта. Незавершанымі засталіся праекты па ўмацаванні самабытнасці сельскіх раёнаў праз развіццё традыцыйных рамёстваў і турызму ў Лідскім раёне і развіцці трансгранічнага кластара гістарычнага турызму на Аўгустоўскім канале, ды іншыя.
Чытайце таксама:
- Денег от Евросоюза не будет. Что ждет крупнейшее поместье ВКЛ под Новогрудком после ликвидации фонда, который его спасал
- «Нас не ліквідуюць, пакуль не атрымаюць грошы?» У Навагрудскім раёне ўлады разарвалі пагадненне з фондам, які дапамог выйграць грант ЕС
Праз пандэмію еўрапейскія арганізатары праграм у 2021 годзе хацелі падоўжыць тэрміны ўсіх праектаў да 2023 і перанесці мерапрыемствы. Беларускі бок у 2021 годзе заявіў, што катэгарычна супраць: усе фінансавыя дакументы, паводле якіх павінны быць атрыманыя грошы, трэба рэалізаваць да канца 2022 года. Тады кіраўнікі некаторых праектаў з нашай краіны з-за немагчымасці рэалізацыі ў гэтыя тэрміны адмовіліся ад іх яшчэ да прыпынення фінансавання з-за вайны. Трансгранічныя праекты без удзелу Беларусі працягнулі.
З Украінай умацуюць супрацоўніцтва — каб дапамагчы ўцекачам
Зараз Еўракамісія ў тэрміновым парадку вывучае прававыя і аператыўныя магчымасці для ўмацавання існых праграм трансгранічнага супрацоўніцтва паміж краінамі ЕС (Польшчай, Венгрыяй, Румыніяй, Славакіяй) і Украінай, а таксама ўдзелу Украіны ў праграме ENI CBC для басейна Чорнага мора або транснацыянальнай праграме Interreg для Дуная.
Дзякуючы больш чым 1000 існуючым партнёрствам паміж рэгіянальнымі і мясцовымі органамі ўлады памежных рэгіёнаў ЕС і Украіны, праграмы прадастаўляюць магчымасці для аказання хуткай і эфектыўнай падтрымкі Украіне, у тым ліку бежанцам.
Супрацоўніцтва — для ўстойлівага развіцця ўздоўж межаў ЕС
Праграма трансгранічнага супрацоўніцтва ENI (ENI CBC) працавала ў 2014−2020 гадах, у 2021−2027 гадах яна будзе называцца «Interreg NEXT 2021−2027». Праграма накіравана на падтрымку ўстойлівага развіцця ўздоўж знешніх межаў Еўрасаюза, дапамагае паменшыць адрозненні ва ўзроўні жыцця, вырашаючы агульныя праблемы праз гэтыя межы. Таксама яна забяспечвае супрацоўніцтва паміж ЕС і краінамі-партнёрамі, рэгіянальнымі і мясцовымі зацікаўленымі бакамі, на аснове прынцыпу партнёрства на роўнай аснове.
Чытайце таксама: Самый первый город-побратим разорвал отношения с Гродно