У некаторых гродзенскіх салонах сувязі, крамах бытавой тэхнікі і электронікі з раніцы 28 лютага пачалі мяняць кошты. Рост коштаў прадаўцы звязваюць з скачком курсу долара. У іншых салонах кошты пакуль трымаюць, але ўсюды запэўніваюць — танней ужо не будзе.
Даражэй за ўсё — у А1 і «21 век». У «Алло» і МТС цэны пакуль трымаюць
У салонах змяніліся кошты як мінімум на тэхніку Apple. Самыя высокія — у салоне А1 і інтэрнэт краме «21 век». Apple iPhone 13 Pro Max 256GB, калі параўноўваць з іншымі салонамі, каштуе амаль на 1000 руб. даражэй — 6847 руб. Гэта цана пры аплаце адным плацяжом і без зніжак. Праўда, калі вы абанент А1, то цана адразу зніжаецца да 5249 руб.
«Нам проста даслалі кошты і ўсё», — адказалі ў краме А1. У растэрміноўку тэхніку Apple даюць не больш чым на 6 месяцаў, цана для абанентаў паднімецца на 100 рублёў - да 5349 руб. Па словах прадаўцоў, у сакавіку мала што павінна змяніцца.
Падняць кошты ў залежнасці ад курсу долара плануюць і ў салонах «На связи». «Падымацца могуць кожны дзень», — сказаў кансультант крамы.
Apple iPhone 13 Pro Max 256GB | Apple iPhone 13 Pro Max 128GB | Смартфон Apple iPhone 11 128GB | |
МТС | 4599 руб. | 4199 руб. | 2199 руб. |
А1 | 5249 руб. (для абанентаў А1) 6847 руб. (поўная цана) | 4799 руб.(для абанентаў А1) 6271 руб. (поўная цана) | 2375 руб. |
Алло | 4599 руб. | 3099 руб. | 2199 руб. |
На связи | 4921 руб. | 3102 руб. | от 2353 руб. |
5 элемент | няма ў наяўнасці | няма ў наяўнасці | 2199 руб. |
21 век | 5596,16 руб. | 3199 руб. | 2199 руб. |
Самыя нізкія цэны пакуль што ў салонах МТС і «Алло». Па словах прадаўца салона «Алло», пакуль гэта выгадна, калі купіць адным плацяжом. Калі браць тэлефон у растэрміноўку (12 месяцаў) або крэдыт (24 і 36 месяцаў), то цэны выраўноўваюцца з астатнімі салонамі. «Кошты ў нас не паднялі, бо ў нас такая палітыка кампаніі», — патлумачыла дзяўчына.
У краме ёсць «суперцэны» і акцыі на некаторыя тавары. Кансультантка сказала, што не ведае, ці доўга яны пратрымаюцца: усё можа памяняцца «сёння-заўтра».
«5 элемент»: за апошнія дні цэны выраслі на 300−400 рублёў
У краме тэхнікі «5 элемент» ў ГЦ «Triniti» удзень амаль няма людзей. Цэны на iPhone там пакуль не ўздымалі. Адсутнасць ажыятажу кансультант звязвае з тым, што сёння панядзелак і людзі на працы. У анлайн-краме адсутнічаю ўжо некаторыя пазіцыі тавараў і шмат предзамоваў.
«Пакуль што ёсць выгадныя прапановы. Па цэнніках лепш не будзе, за апошніх некалькі дзён цэны [на тэлевізары — Hrodna.life] падняліся мінімальна на 300−400 руб., нават з улікам крэдытаў», — патлумачыў кансультант. Крэдыт у краме па ранейшаму можна атрымаць, але ужо не выдаюць льготныя. «Нічога не могуць сказаць, але прагнозы не вельмі добрыя», — сказаў прадавец з нагоды растэрміновак.
iPhone у выставачнай зале не было, але купіць яго можна. Ён проста на складзе. «Не заплацілі за месца, таму не стаяць [кожная кампанія плаціць за месца для ўзору — Hrodna.life], тэлефон нельга патрымаць у руках, толькі ў скрынцы. Кошты спытаць у нас», — патлумачыў кансультант.
Што з іншай тэхнікай
Тэхніка фірмы «Dyson», вядомая і без таго высокімі цэнамі, пакуль яшчэ не падаражэла. Але многіх пазіцый на складах у «5 элеменце» і «21 веку» цяпер няма.
Чаму ўсё вакол даражэе, а рубель таннее?
Рэзкія фінансавыя змены адбываюцца праз агрэсію Расіі супраць Украіны, якая пачалася 24 лютага. Звязаныя з ёй жорсткія санкцыі Еўрасаюза, ЗША і іншых краін уплываюць на фінансавую сітуацыю не толькі ў Расіі, але і ў Беларусі.
Раніцай 28 лютага курсы даляра і еўра абнавілі гістарычны максімум і дасягнулі ў некаторых абменніках Гродна рэкордных адзнак у 3,4 і 3,8 рубля адпаведна.
У адказ на гэта Нацбанк Беларусі з 1 сакавіка павысіў стаўку рэфінансавання з 9,25% да 12% гадавых. Гэта значыць, што ў краіне падаражэюць крэдыты.
Праблемы праз санкцыі пачалі адчуваць некаторыя банкі Беларусі. У прыватнасці тыя, што з’яўляюцца «дочкамі» буйных расійскіх банках: ВТБ, БелВЭБ і іншых. Асноўнай праблемай сталі перабоі з аплатамі карткамі сістэм Visa і MasterCard.