Па выніках таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы 28 лютага курсы замежных валют абнавілі гістарычны рэкорд. Зараз 1 долар каштуе 3,074 рубля (рост на 10,24%), 1 еўра — 3,4299 рубля (9,99%). Расійскі рубель знізіўся да 2,976 беларускіх рублёў (на 10,82%).
Яшчэ да пачатку таргоў курс долара ў абменніках Гродна дасягнуў 3,4 рубля, еўра — 3,8. Курс ужо быў вышэйшім, чым у першы дзень вайны. Таргі на Беларускай валютна-фондавай біржы 28 лютага вырашылі перанесці на гадзіну пазней, чым звычайна — на 11.00. У гэты ж час перастаў адкрывацца адзін з асноўных фінансавых парталаў Беларусі - Myfin.by.
Ужо на старце таргоў долар падаражэў адразу на 27 капеек (10%) да 3 рублёў за 1 долар, еўра — на 26 капеек (або 8,5%), да 3,35 рубля за 1 еўра.
У Гродне 28 лютага паводле інфармацыі на 14.00 ад Myfin.by банкі прадаюць долар па курсе ад 2.97 рубля ў банку ВТБ да 3,3 у Беларусбанку, банку БелВЭБ і банку «Рашэнне». Самы выгадны курс куплі долара банкамі - 3 рублі(БелВЭБ, Белінвестбанк), самы маленькі кошт пакупкі ў Гродне — 2,75 рубля.
Еўра гродзенцам банкі прадаюць мінімум за 3,3 рубля (банк ВТБ), максімальны кошт — 3,65 (Беларусбанк, БТА банк) рубля. Найбольшы курс для куплі банкамі еўра — 3,35 рубля (Белінвестбанк), найменшы — 3 (банк ВТБ).
Апоўдні 28 лютага ў абменніках у цэнтры Гродна было немагчыма купіць валюту, паведаміў «Вечерний Гродно». У некаторых банках прыпынілі ўсе валютна-абменныя аперацыі.
За апошні тыдзень адбыўся найбольшы рост валют са снежня 2020 года, расказаў старшы аналітык кампаніі «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб для Myfin.bу. «Глабальным следствам гэтых падзей [наступу Расіі на Украіну] быў рост амерыканскага долара супраць большасці іншых сусветных валют. У моманты падобных крызісаў інвестары імкнуцца скупляць валюты-прытулкі, да якіх адносяць долар ЗША», — патлумачыў аналітык.
Нацбанк Беларусі з 1 сакавіка павысіць стаўку рэфінансавання да 12% гадавых. У 2021 годзе яна складала 9,25%.
Стаўка рэфінансавання Нацбанка — базавы інструмент рэгулявання ўзроўню працэнтных ставак на грашовым рынку. Яна служыць асновай для ўсталявання працэнтных ставак па аперацыях прадастаўлення ліквіднасці банкам. Да яе прывязаныя стаўкі па многіх крэдытах, таму банкаўскія пазыкі мусяць падаражэць.
Раніцай 28 лютага ў Расіі паведамілі, што адклалі адкрыццё біржы да 15.00. Пазней таргі ўсё ж пачалі каля 10.00. Яшчэ да іх пачатку расійскі рубель страціў 40% свайго кошту. Акрамя таго, расейскі Цэнтрабанк падняў ключавую стаўку з 28 лютага да 20%. Да гэтага ключавая стаўка складала 9,5%. Ключавая стаўка ў Расіі - гэта мінімальная працэнтная стаўка, па якой цэнтральны банк выдае крэдыты камерцыйным банкам і па якой гатовы прымаць сродкі на дэпазіты. Таксама яна ўплывае на ўзровень інфляцыі.
Рэзкія фінансавыя змены адбываюцца з-за вайны Расіі ва Украіне, якая пачалася а 4.00 24 лютага. Звязаныя з ёй санкцыі Еўрасаюза, ЗША і іншых краін Захаду паўплываюць на фінансавую сітуацыю не толькі ў Расіі, але і ў Беларусі.
Чытайце таксама:
Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…
Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…
Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…
Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…
Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…
Байкеры выявілі ў Пышках дрот, нацягнуты на ўзроўні шыі. Відэа яны размясцілі ў TikTok. "Вось…