Навіны

Гродзенцы паехалі ва Украіну ў адпачынак і не могуць вярнуцца праз вайну

Гродзенка Наталля з мужам (прозвішча Hrodna.life не называе па просьбе герояў) больш за месяц таму купілі аўтобусны тур у Букавель: правесці адпачынак і пакатацца на лыжах. Яны і каля 30 іншых кліентаў турфірмы «Колесо путешествий» выехалі з Беларусі 19 лютага. Праз пяць дзён пачалася вайна і курорт зачыніўся. Ужо двое сутак турысты спрабуюць вярнуцца ў Беларусь.

UPD. 27 лютага ў 17.45 Наталля напісала Hrodna.life, што яны з мужам прайшлі мяжу і знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы. На чаргу і праходжанне мяжы ў іх сышло 50 гадзін.

Букавель — гэта гарналыжны і SPA курорт у Карпатах. 24 лютага ён спыніў працу. Адпаведная аб’ява з’явілася на афіцыйным сайце.

«Согласно Указу Президента Украины, в связи с военной агрессией Российской Федерации против Украины с четверга, 24 февраля, по всей территории страны вводится военное положение сроком на 30 дней. В связи с этим ТК „Буковель“ временно приостанавливает свою работу и прием гостей. О возобновлении работы туристического комплекса уведомим вас дополнительно. Решения и механизмы переноса запланированного на эти даты отдыха наших гостей будут приняты и предложены в ближайшие дни», — напісалі яны.

Праз затор да мяжы не даехалі

24 лютага ў Букавелі пад’ёмнікі ўжо не працавалі. Людзі закупляліся ў прадуктовых крамах. Не працавалі тэрміналы і банкаматы, распавяла Наталля.

Раніцай турыстам патэлефанаваў суправаджальнік тура і сказаў, што ў 10.00 яны з’язджаюць.

«Планавалася ехаць на беларускую мяжу. На выездзе з Букавеля сабраўся затор, за дзве гадзіны мы праехалі толькі да Татарава [яшчэ адзін курорт, адлегласць паміж Букавелем і Татаравам — 14 км — Hrodna.life]. Суправаджальнік усім паведаміў, што па рэкамендацыі МЗС Беларусі, з якімі трымае сувязь турагенцтва, варта заставацца на месцах і чакаць наступных указанняў. Мы вярнуліся ў гатэлі. Нам сказалі запасціся ежай і вадой і быць на валізках» — распавяла Наталля.

У гэты час Букавель пусцеў, распавяла Наталля Hrodna.life. З’язджалі турысты і некаторыя работнікі мясцовага сэрвісу. Некаторыя ішлі па дарозе пешшу з валізкамі і торбамі. Яна мяркуе, што яны вярталіся ў свае населеныя пункты.

«Папрасілі па-чалавечы паехаць іншай дарогай»

Каля 3.00 25 лютага суправаджальны тура паведаміў, што ў 4.45 яны рушаць ў бок мяжы са Славакіяй. Беларускія турысты ехалі калонай з пяці аўтобусаў. Праз пару гадзін яны пад’ехалі да першага на дарозе блокпаста, дзе было некалькі вайскоўцаў і паліцэйскіх. Турыстам зладзілі дагляд рэчаў. Іх прасілі выходзіць з аўтобуса па адным, фатаграфавалі пашпарты і іх саміх, правяралі сумкі, валізкі. Калі праверылі прыкладна палову турыстаў з аўтобуса, усім сказалі вяртацца туды.

«Як аказалася, нас разгарнулі назад, спасылаючыся на пагаршэнне становішча ў кірунку, па якім мы рухаліся. І, як сказаў суправаджальнік, папрасілі нас па-чалавечы паехаць іншай дарогай на мяжу», — распавяла Наталля.

Украінцаў прапускаюць бесперашкодна

Па стане на 11.13 25 лютага яны праехалі Івана-Франкоўск і ехалі ў напрамку мяжы са Славакіяй.

«Калі стаялі на даглядзе аўтобуса, бачылі, што раз у 10 больш машын едзе ў напрамку мяжы, чым назад. Машыны пераважна з украінскімі нумарамі. Большасць машын з пасажырамі і багажом. Даглядалі і легкавыя аўто з замежнымі нумарамі. Украінскія прапускалі бесперашкодна, — паведаміла Наталля. — У цэлым, па дарозе едзем як у звычайны час. Дзе-нідзе стаяць блокпасты і крыху часцей бачым паліцэйскія машыны».

На момант публікацыі навін па сітуацыі ад Наталлі ў Hrodna.life не было.

У турфірме «Колесо путешествий» Hrodna.life паведамілі, што ўдакладняць у дырэктара, ці можна выдаваць гэтую інфармацыю, і звяжуцца з карэспандэнткай пазней.

Ва Украіне цяпер прыкладна 250 беларускіх турыстаў

У сапраўдны момант групы турыстаў, якія знаходзяцца ў Букавелі, Трускаўцы, Львове, Кіеве, спрабуюць вярнуцца з Украіны на радзіму. Паколькі ўсе беларуска-ўкраінскія пераходы зачыненыя, беларусы будуць пераходзіць украіна-польскую мяжу (палякі паабяцалі даць праход без шэнген-віз) і затым вяртацца ў Беларусь праз польска-беларускую мяжу, паведамляе Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый на сваім сайце.

— Па дадзеных нашых апытанняў, ва Украіне зараз прыкладна 250 беларускіх турыстаў. Іх тураператары эвакуююць, аўтобусы стаяць каля польскай мяжы. Наколькі мне вядома, беларусаў туды прапускаюць без шэнгенскіх віз. Пакуль ніхто ў Беларусь з іх не вярнуўся, таму больш падрабязна пра працэдуру эвакуацыі сказаць не магу, — распавёў журналістам Onlíner Руслан Сегенюк, старшыня праўлення РСТА.

Пазіцыя МЗС Беларусі

«У сувязі з развіццём сітуацыі ва Украіне Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь настойліва рэкамендуе беларускім грамадзянам адмяніць планы наведвання гэтай краіны да стабілізацыі абстаноўкі», — паведаміў МЗС.

Беларусам ва Украіне рэкамендуюць падтрымліваць кантакт з пасольствам Беларусі ва Украіне і галоўным консульскім упраўленнем МЗС, якія пераведзеныя на кругласутачны рэжым працы.

Адкрыты гарачыя лініі: +38 050 406 23 30; +375 173 794 771 і +375 173 792 673, consul@mfa.gov.by. Па меры магчымасці будзе аказвацца дапамога ў эвакуацыі, паведамілі ў МЗС.

На 18.00 24 лютага было вядома, што з Украіны выехалі 50 беларускіх грамадзян, распавёў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз. Усяго за дапамогай звярнуліся каля тысячы.

Іншая дапамога

BYS*L стварыў спецыяльны канал з кансультацыямі для тых, хто гатовы тэрмінова выехаць з Беларусі і Украіны. Размясціць тут спасылку на яго мы не можам.

Праблемы паўсталі ў турыстаў не толькі ў Украіне

Паводле інфармацыі Hrodna.life, праз адмену авіярэйсаў беларусы не могуць вярнуцца не толькі з Украіны, але і з іншых краін. Крыніца ў турызме на пытанне, як будуць вырашаць гэтую праблему, адказаў коратка: «Працаваць!».

«Адно з самых гарачых пытанняў — адмененыя рэйсы арабскага лоўкостэра Flydubai ў Дубай і Turkish Airlines рэйсы ў Стамбул. <…> Рэспубліканскі Саюз турыстычных арганізацый яшчэ раз звяртаецца да турыстычнага рынку, кліентаў і агентаў — па магчымасці, захоўваць спакой і не паддавацца паніцы. Давайце вырашаць праблемы па меры іх паступлення і кіравацца толькі афіцыйнымі і праверанымі дадзенымі. Сітуацыя мяняецца кожную гадзіну. Таму пасля атрымання правераных дадзеных ад авіякампаній тураператары будуць пра ўсё інфармаваць рынак», — паведаміў Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый на афіцыйным сайце.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Два падлеткі са Слоніма атрымалі крымінальную справу — за што?

Два хлопцы са Слоніма, узростам 14 і 15 гадоў, атрымалі крымінальны артыкул за хуліганства, здзейсненае…

19 верасня 2024

Стала вядома, колькі будзе каштаваць кватэра ў новым мікрараёне «Вясенні»

Дом у раёне вуліц Каліноўскага і Вясенняй, які пачалі будаваць у пачатку верасня, плануюць здаць…

19 верасня 2024

Гродзенцы абурыліся з-за платнай паркоўкі ля адной з новабудоўляў - $ 2000 за месца

Канфлікт разгарнуўся вакол паркоўкі ў новым доме на вуліцы Савецкіх пагранічнікаў. Гродзенцы абураны тым, што…

19 верасня 2024

Пад Гроднам прадаюць гатовы бізнес па вырошчванні дурніц

Фермерская гаспадарка знаходзіцца ў вёсцы Пальніца, што ў 23 кіламетрах ад Гродна. Гаспадарка дзейнічае —…

19 верасня 2024

У Швейцарскай даліне з’явілася новая сцежка. Куды яна вядзе?

На ўчастку ад вуліцы Мітрапаліта Філарэта да прыпынку «Цэнтр занятасці» на вуліцы Дзяржынскага амаль скончылі…

18 верасня 2024

Прадзюсарскі цэнтр, які няўдала судзіўся з Бондаравай, абскардзіў рашэнне суда (абноўлена)

ТАА "Флагман М'юзік" не пагадзілася з адмовай у іску аб абароне дзелавой рэпутацыі да актывісткі…

18 верасня 2024