Гродзенка Наталля з мужам (прозвішча Hrodna.life не называе па просьбе герояў) больш за месяц таму купілі аўтобусны тур у Букавель: правесці адпачынак і пакатацца на лыжах. Яны і каля 30 іншых кліентаў турфірмы «Колесо путешествий» выехалі з Беларусі 19 лютага. Праз пяць дзён пачалася вайна і курорт зачыніўся. Ужо двое сутак турысты спрабуюць вярнуцца ў Беларусь.
UPD. 27 лютага ў 17.45 Наталля напісала Hrodna.life, што яны з мужам прайшлі мяжу і знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы. На чаргу і праходжанне мяжы ў іх сышло 50 гадзін.
Букавель — гэта гарналыжны і SPA курорт у Карпатах. 24 лютага ён спыніў працу. Адпаведная аб’ява з’явілася на афіцыйным сайце.
«Согласно Указу Президента Украины, в связи с военной агрессией Российской Федерации против Украины с четверга, 24 февраля, по всей территории страны вводится военное положение сроком на 30 дней. В связи с этим ТК „Буковель“ временно приостанавливает свою работу и прием гостей. О возобновлении работы туристического комплекса уведомим вас дополнительно. Решения и механизмы переноса запланированного на эти даты отдыха наших гостей будут приняты и предложены в ближайшие дни», — напісалі яны.
Праз затор да мяжы не даехалі
24 лютага ў Букавелі пад’ёмнікі ўжо не працавалі. Людзі закупляліся ў прадуктовых крамах. Не працавалі тэрміналы і банкаматы, распавяла Наталля.
Раніцай турыстам патэлефанаваў суправаджальнік тура і сказаў, што ў 10.00 яны з’язджаюць.
«Планавалася ехаць на беларускую мяжу. На выездзе з Букавеля сабраўся затор, за дзве гадзіны мы праехалі толькі да Татарава [яшчэ адзін курорт, адлегласць паміж Букавелем і Татаравам — 14 км — Hrodna.life]. Суправаджальнік усім паведаміў, што па рэкамендацыі МЗС Беларусі, з якімі трымае сувязь турагенцтва, варта заставацца на месцах і чакаць наступных указанняў. Мы вярнуліся ў гатэлі. Нам сказалі запасціся ежай і вадой і быць на валізках» — распавяла Наталля.
У гэты час Букавель пусцеў, распавяла Наталля Hrodna.life. З’язджалі турысты і некаторыя работнікі мясцовага сэрвісу. Некаторыя ішлі па дарозе пешшу з валізкамі і торбамі. Яна мяркуе, што яны вярталіся ў свае населеныя пункты.
«Папрасілі па-чалавечы паехаць іншай дарогай»
Каля 3.00 25 лютага суправаджальны тура паведаміў, што ў 4.45 яны рушаць ў бок мяжы са Славакіяй. Беларускія турысты ехалі калонай з пяці аўтобусаў. Праз пару гадзін яны пад’ехалі да першага на дарозе блокпаста, дзе было некалькі вайскоўцаў і паліцэйскіх. Турыстам зладзілі дагляд рэчаў. Іх прасілі выходзіць з аўтобуса па адным, фатаграфавалі пашпарты і іх саміх, правяралі сумкі, валізкі. Калі праверылі прыкладна палову турыстаў з аўтобуса, усім сказалі вяртацца туды.
«Як аказалася, нас разгарнулі назад, спасылаючыся на пагаршэнне становішча ў кірунку, па якім мы рухаліся. І, як сказаў суправаджальнік, папрасілі нас па-чалавечы паехаць іншай дарогай на мяжу», — распавяла Наталля.
Украінцаў прапускаюць бесперашкодна
Па стане на 11.13 25 лютага яны праехалі Івана-Франкоўск і ехалі ў напрамку мяжы са Славакіяй.
«Калі стаялі на даглядзе аўтобуса, бачылі, што раз у 10 больш машын едзе ў напрамку мяжы, чым назад. Машыны пераважна з украінскімі нумарамі. Большасць машын з пасажырамі і багажом. Даглядалі і легкавыя аўто з замежнымі нумарамі. Украінскія прапускалі бесперашкодна, — паведаміла Наталля. — У цэлым, па дарозе едзем як у звычайны час. Дзе-нідзе стаяць блокпасты і крыху часцей бачым паліцэйскія машыны».
На момант публікацыі навін па сітуацыі ад Наталлі ў Hrodna.life не было.
У турфірме «Колесо путешествий» Hrodna.life паведамілі, што ўдакладняць у дырэктара, ці можна выдаваць гэтую інфармацыю, і звяжуцца з карэспандэнткай пазней.
Ва Украіне цяпер прыкладна 250 беларускіх турыстаў
У сапраўдны момант групы турыстаў, якія знаходзяцца ў Букавелі, Трускаўцы, Львове, Кіеве, спрабуюць вярнуцца з Украіны на радзіму. Паколькі ўсе беларуска-ўкраінскія пераходы зачыненыя, беларусы будуць пераходзіць украіна-польскую мяжу (палякі паабяцалі даць праход без шэнген-віз) і затым вяртацца ў Беларусь праз польска-беларускую мяжу, паведамляе Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый на сваім сайце.
— Па дадзеных нашых апытанняў, ва Украіне зараз прыкладна 250 беларускіх турыстаў. Іх тураператары эвакуююць, аўтобусы стаяць каля польскай мяжы. Наколькі мне вядома, беларусаў туды прапускаюць без шэнгенскіх віз. Пакуль ніхто ў Беларусь з іх не вярнуўся, таму больш падрабязна пра працэдуру эвакуацыі сказаць не магу, — распавёў журналістам Onlíner Руслан Сегенюк, старшыня праўлення РСТА.
Пазіцыя МЗС Беларусі
«У сувязі з развіццём сітуацыі ва Украіне Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь настойліва рэкамендуе беларускім грамадзянам адмяніць планы наведвання гэтай краіны да стабілізацыі абстаноўкі», — паведаміў МЗС.
Беларусам ва Украіне рэкамендуюць падтрымліваць кантакт з пасольствам Беларусі ва Украіне і галоўным консульскім упраўленнем МЗС, якія пераведзеныя на кругласутачны рэжым працы.
Адкрыты гарачыя лініі: +38 050 406 23 30; +375 173 794 771 і +375 173 792 673, [email protected]. Па меры магчымасці будзе аказвацца дапамога ў эвакуацыі, паведамілі ў МЗС.
На 18.00 24 лютага было вядома, што з Украіны выехалі 50 беларускіх грамадзян, распавёў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз. Усяго за дапамогай звярнуліся каля тысячы.
Іншая дапамога
BYS*L стварыў спецыяльны канал з кансультацыямі для тых, хто гатовы тэрмінова выехаць з Беларусі і Украіны. Размясціць тут спасылку на яго мы не можам.
Праблемы паўсталі ў турыстаў не толькі ў Украіне
Паводле інфармацыі Hrodna.life, праз адмену авіярэйсаў беларусы не могуць вярнуцца не толькі з Украіны, але і з іншых краін. Крыніца ў турызме на пытанне, як будуць вырашаць гэтую праблему, адказаў коратка: «Працаваць!».
«Адно з самых гарачых пытанняў — адмененыя рэйсы арабскага лоўкостэра Flydubai ў Дубай і Turkish Airlines рэйсы ў Стамбул. <…> Рэспубліканскі Саюз турыстычных арганізацый яшчэ раз звяртаецца да турыстычнага рынку, кліентаў і агентаў — па магчымасці, захоўваць спакой і не паддавацца паніцы. Давайце вырашаць праблемы па меры іх паступлення і кіравацца толькі афіцыйнымі і праверанымі дадзенымі. Сітуацыя мяняецца кожную гадзіну. Таму пасля атрымання правераных дадзеных ад авіякампаній тураператары будуць пра ўсё інфармаваць рынак», — паведаміў Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый на афіцыйным сайце.