Трохпавярховы будынак з офісамі плануюць пабудаваць у раёне дома № 19 па вул. Вясенняй. Гэта будзе ўжо чацвёрты бізнес-цэнтр у гэтым раёне. Адзін ужо даўно працуе па суседстве, другі пачалі будаваць мінулай восенню, а трэці запланаваны прама ля ўваходу на «сцежку здароўя», паведамляе Telegram-канал «Urban Hrodna — городская среда Гродно».
Якім будзе будынак?
У офісе прадугледжаны дзве лесвіцы. Для забеспячэння безбар’ернага асяроддзя для фізічна аслабленых асоб таксама запраектаваны ліфт, пад’ёмнік на ганку галоўнага ўваходу і спецыяльна абсталяваны санвузел на першым паверсе.
Вонкавыя сцены будуць з блокаў ячэістага бетону таўшчынёй 400 мм. Вокны ПВХ, вітражы з алюмініевых профіляў, аздабленне вонкавае — палімерная тынкоўка з наступнай афарбоўкай.
Дзе менавіта яго пабудуюць?
Участак размешчаны ўздоўж вул. Вясенняй. Побач з ім знаходзяцца: участак жылога дома па вул. Фестывальная № 14, участак лясгаса і ўчастак жылога дома па вул. Вясенняй, 19.
Участак вольны ад забудовы, але на ім ёсць дрэвы і хмызнякі.
Яшчэ адзін гандлёва-адміністрацыйны будынак на Вясенняй ўжо ў працэсе. Участак пад другі бізнес-цэнтр выбралі на Болдзіна праз дарогу ад крамы «Квасоўскі». Зараз там паркоўка.
Дзе паглядзець праект
Грамадскія абмеркаванні пройдуць з 22 лютага па 8 сакавіка. Праект можна паглядзець: 8.00 да 13.00, з 14.00 да 17.00, панядзелак-пятніца, вестыбюль будынка ўпраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта па адрасе: вул. Тызенгауза, 3.
Самы просты спосаб адправіць заўвагу або прапанову — выкарыстоўваючы сервіс «Электронныя звароты» на сайце гарвыканкама. Трэба пакінуць пазнаку «грамадскае абмеркаванне». Звароты прымаюцца да 18 сакавіка.
Прэзентуюць праект 9 сакавіка ў 15.00 у будынку Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта па адрасе: г. Гродна, Плошча Леніна, 2/1, каб.202 (2 паверх). Вынікі падвядуць да 1 красавіка.