Суд Лідскага раёна асудзіў былога падпалкоўніка міліцыі Пятра Буцько з Іўя на шасць гадоў калоніі паводле абвінавачвання ў перавышэнні ўлады (ч.3 арт. 426 КК), паведаміў “Медыязоне” адвакат Буцько.

Акрамя гэтага, экс-сілавіку прызначылі штраф у памеры 500 базавых (16 000 рублёў). Пракурор запытвала для Буцько пяць гадоў пазбаўлення волі.

Паводле версіі абвінавачвання, 27 траўня Буцько, які пасля звальнення з міліцыі стаў дырэктарам камерцыйнай транспартнай фірмы, нанёс свайму супрацоўніку Андрэю Захару “не менш за 12 удараў у вобласць галавы” кулакамі. Тым самым ён “прычыніў яму менш цяжкія цялесныя пашкоджанні”. Пацярпелы ў судзе заявіў, што ў яго “няма прэтэнзій” да абвінавачанага, паведаміла “Медыязона”.

Хто такі Пётр Буцько?

Пётр Буцько служыў у міліцыі больш за 20 гадоў, завяршыўшы службу намеснікам начальніка РАУС у Карэлічах у 2017 годзе. У канцы 2020 года ён адбыў 32 дні адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях, распавядаў падпалкоўнік у інтэрв’ю газеце “Народная Воля”.

Ён распавядаў выданню, што тады супраць яго “спрабавалі сфабрыкаваць крымінальную справу”, але гэтага не адбылося, бо “засталіся яшчэ ў міліцыі сумленныя людзі, якія не пагадзіліся даваць на яго хлуслівыя паказанні”.

Сілавікі затрымалі Пятра Буцько 20 жніўня 2021 года, правёўшы ператрус у яго дома і на лецішчы. У траўні 2021 года Лукашэнка пазбавіў званняў больш за 80 былых сілавікоў. У гэты спіс трапіў і Пётр Буцько – яго пазбавілі звання падпалкоўніка міліцыі запасу.