Стваральнікі першай гродзенскай крамы настолак вырашылі закрыцца пасля васьмі з паловай гадоў працы. Да канца лютага гродзенцаў чакае распродаж. Самі ж яны сыходзяць у распрацоўку аўтарскіх гульняў.
Закрыць краму было сумнае, непрыемнае рашэнне, але правільнае, расказаў Hrodna.life заснавальнік «Кубіка» Антось Янкоўскі. «Мы думалі пра гэта ўжо паўгода». Апошнія месяцы актыўна абмяркоўвалі, разглядалі розныя варыянты, і вырашылі, што зараз афлайн-краму лепш закрыць і засяродзіца на новым праекце.
8,5 гадоў - столькі «Кубік» працаваў у Гродне.
4 — столькі адрасоў ён змяніў.
Каля 600 — столькі гульняў, у якія згуляў «Кубік», і якія былі адкрыты ў пракаце.
3 фестывалі настольных гульняў зладзіў у Гродне «Кубік».
«Самае галоўнае рашэнне, якое прынялі - мы не проста закрываемся, мы мяняем фармат, будзем студыяй распрацоўкі „Кубік“. Усе сілы кінем менавіта на гэта», — расказаў Антось Янкоўскі.
«Летась мы шмат папрацавалі, знайшлі шмат партнёраў. Ёсць каля 10 пацверджаных праектаў, якія мы запускаем у працу — рознага жанру і аб’ёму». Іх мяркуюць выпусціць цягам 2022 года. «Тое, што мы задумалі, патрабуе вялікай колькасці часу і канцэнтрацыі». Цяперашні бізнес займае шмат часу.
«У апошнія паўтара-два гады ён знаходзіцца ў энергазберагальным рэжыме. А я такі чалавек, якому вельмі патрэбна развіццё. Крама прыйшла да таго, што ёй трэба або расці ў нейкую гульнёвую прастору, развівацца ў гульнёвую сетку, або закрывацца», — патлумачыў Антон. У 2020 «Кубік» нават знайшоў памяшканне пад новую прастору і рыхтаваў яго, але перашкодзіў каранавірус. Зараз каб крама трымалася на плаве і прыносіла больш грошай, ёй трэба займацца больш і больш, і менавіта асабіста.
Кірунак распрацоўкі існаваў паралельна з крамай. За апошні час ён вельмі развіўся і стаў больш выгадным. Але каб працаваць прафесійна, ад нечага трэба адмовіцца, кажа Антон
«Кубік» пачне працу як сямейная студыя распрацоўкі. Зараз яна складаецца з Антона Янкоўскага і ягонай жонкі дызайнеркі Насты Янкоўскай. Ранейшыя праекты выходзілі пад лагатыпам «А4». Суполка была створана паралельна з крамай. Далейшыя праекты будуць выходзіць ужо пад брэндам «Кубіка», як пад больш вядомым.
Сёлета «Кубік» працягне супрацу з Оz.by. У планах і экалагічная гульня, і дэтэктыўныя квэсты — магчыма, нават серыя квэстаў у 2022−2023 гадах. Не першы год аўтары працуюць і з рускімі выдавецтвамі. Ёсць праекты, якія дарабляюцца, ёсць ідэі для новых. Ёсць і карпаратыўныя замовы для распрацоўкі.
З праектаў, арыентаваных на беларускую культуру, «Кубік» таксама працягне выдаваць серыю гульнёвых картаў і серыю гульняў для вывучэння беларускай мовы «Мова», у тым ліку для дарослых. Матэрыял для новай «Мовы» 18+ ужо рыхтуецца.
Instagram «Кубіка» працягне жыццё. Антось абяцае падпісантам шмат інтэрактыву, інфармацыі пра распрацоўку гульняў і нават магчымасць сумесна анлайн стварыць настолку.
Вясной жа ў Гродне мусіць з’явіцца іншы праект, звязаны з настольнымі гульнямі. «Кубік» таксама будзе датычны да гэтай справы, плануе дапамагаць. Можна будзе набываць гульні, будуць і гульнятэкі. Больш інфармацыі пра новае месца з’явіцца ў сакавіку.
Увесь люты ў «Кубіку» будзе распродаж са зніжкамі ў 15%, змогуць прывезці любую гульню. Бліжэй да канца месяца зніжкі стануць яшчэ большыя. Апошнім днём працы вырашылі зрабіць 28 лютага.
Амаль дзевяць гадоў таму, 28 лютага 2013 года «Кубік» прэзентаваў гульню «Паўстанцы» і заявіў пра сябе як пра распрацоўшчыкаў. «Вельмі сімвалічна, што актыўна да распрацоўкі мы вернемся менавіта ў гэтыя дні. Мы не думалі пра гэта, а толькі нядаўна самі зразумелі - наколькі ўсё цыклічна».
За час працы «Кубік» здымаў уласныя агляды на гульні, праводзіў гульнятэкі ў сябе, на фестывалях і ў іншых памяшканнях — ад кавярняў і бараў да чыгуначнага вакзала.
«Мы не кідаем сваю місію папулярызацыі настольны гульняў. Нам трэба будзе адпачыць, разабрацца з актыўнымі праектамі. Але мы не зможам сядзець на месцы, магчыма, прыдумаем новы фармат».
Читайте также: В Гродно создали игровые карты с выдающимися личностями Великого Княжества Литовского
Гродзенка Вікторыя Талкоўская апублікавала TikTok, у якім папрасіла гараджан назваць самыя змрочныя месцы Гродна. За…
Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…
Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…
Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…
Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…
Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…