Навіны

Галадоўка ў Гродне, суд над былым міліцыянтам і выклік у КДБ. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

Асуджаную на «хатнюю хімію» Рэгіну Лавар арыштавалі на 10 сутак за парушэнне рэжыму, яна абвясціла галадоўку. Масавыя ператрусы праходзяць у Навагрудку і Карэлічах. Жонку палітвязня выклікалі ў КДБ. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці ў першы тыдзень лютага.

Жонку палітвязня выклікалі ў КДБ

Жонку зняволенага журналіста Дзяніса Івашына выклікалі на допыт у следчы аддзел упраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці ў якасці сведкі па крымінальнай справе.

Аб якой канкрэтна справе вядзецца, у позве не паведамляецца. Дзяніс Івашын знаходзіцца за кратамі з сакавіка мінулага года і фактычна адрэзаны ад камунікацыі з роднымі, улады блакуюць любую перапіску з журналістам, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў. Вольга Івашына адмовілася ісці па позве.

Галадоўка ў Гродне

Асуджаную на «хатнюю хімію» за каментары ў адрас міліцыі Рэгіну Лавар арыштавалі на 10 сутак за парушэнне рэжыму, паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область». Яна абвясціла галадоўку.

Стваральніцу і першага дырэктара Іўеўскага музея нацыянальных культур Рэгіну Лавар у верасні мінулага года асудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі». Яе абвінавацілі ў абразе начальніка Іўеўскага РАУС і старэйшага інспектара. На «хатняй хіміі» жанчына знаходзіцца з 1 снежня, але ёй ужо выпісалі пакаранне за парушэнне рэжыму, паведамляе «Вясна».

Рэгіна Лавар. Фота: Вясна

Жыхара аграгарадка Ёдкі арыштавалі за БЧБ-сцяг на фасадзе прыватнага дома

Суд Лідскага раёна 8 студзеня разгледзеў справу жыхара аграгарадка Ёдкі (Лідскі раён). На мужчыну склалі пратакол паводле арт 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) за «размяшчэнне БЧБ-сцяга на фасадзе прыватнага дома, а таксама на сваіх старонках у сацсетках „Одноклассники“ і Instagram». Сваю віну мужчына цалкам прызнаў, паведамляе «Вясна» 1 лютага. Суддзя Уладзімір Фёдаравіч пакараў мужчыну 15-сутачным арыштам.

1 лютага затрымалі 20-гадовага гродзенца

Са слоў сілавікоў, ён пагражаў выкарыстоўваць выбуховыя прылады супраць супрацоўнікаў міліцыі для дэстабілізацыі грамадскай абстаноўкі. У яго знайшлі тэлефон з падпіскамі на Telegram-каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі, і карасін.

«Затрымалі за апазіцыю. За апазіцыйныя дзеянні», — сказаў 20-гадовы гродзенец на камеру. Па яго словах, карасін у яго дома захоўваўся, каб можна было распальваць вогнішча на лецішчы. Дадзеных гродзенца не назвалі.

Затрыманы ў Гродне. Скрыншот Hrodna.life

Каго яшчэ судзілі па «адміністратыўках» у Гродзенскай вобласці ў студзені?

За падпіску на «Нехту» ў Смаргоні мужчыну арыштавалі на трое сутак. Яшчэ аднаго мясцовага жыхара таксама пакаралі па гэтым артыкуле трохсутачным арыштам, але на гэты раз — за падпіску адразу на чатыры Telegram-канала, якія былі прызнаныя ўладамі «экстрэмісцкімі», паведамляе «Вясна».

У Лідзе 5 студзеня арыштавалі мужчыну за распаўсюд трох лагатыпаў: «Б**сат», «Т*т. бай» і «Харт*я 97». Яго прызналі вінаватым і прызначылі 15-суткавы арышт.

Тры суддзі вырашылі спыніць адміністрацыйныя справы «ў сувязі з недаказанасцю віны ў здзяйсненні правапарушэння». Так, напрыклад, суддзя Лідскага раёна Уладзімір Фёдаровіч палічыў, што падпіска на «Нехту» не даказвае віну мужчыны. У яго тэлефоне міліцыянты не знайшлі ні перасылкі «экстрэмісцкай прадукцыі», ні яе вырабу, ні захоўвання з мэтай распаўсюду. Да такой жа высновы прыйшлі суддзі Лепельскага раёна і Ленінскага раёна Брэста.

Масавыя ператрусы праходзяць у Навагрудку і Карэлічах

У Карэлічах 2 лютага прыйшлі не менш чым да 15 чалавек. Пра гэта паведамілі чытачы Б**сат. З чым гэта звязана, пакуль невядома.

Вартаўніка Астравецкай школы арыштавалі за каментары пад пастом «экстрэмісцкага» канала

На жыхара Астраўца, які працуе вартаўніком у мясцовай сярэдняй школе, міліцыянты склалі пратакол паводле арт. 19.11 КаАП. «Распаўсюджваннем экстрэмісцкіх матэрыялаў» палічылі каментары мужчыны, якія ён пакінуў пад пастом канала «Нехта» ў сетцы ВКонтакте. Мужчына прызнаў сваю віну, але патлумачыў, што не ведаў аб прызнанні старонкі «экстрэмісцкай», паведамляе «Вясна».

Доказамі віны вартаўніка суд палічыў тры лайкі да каментароў пад гэтым постам. Вынікам стаў 10-сутачны арышт.

Тры гады калоніі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»

Жыхара Навагрудскага раёна асудзілі на тры гады калоніі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Верагодна, гаворка ідзе аб «справе Зельцара».

38-гадовы жыхар Навагрудскага раёна К. 3 кастрычніка 2021 года апублікаваў каментар у адным з Telegram-чатаў пад відэазапісам, на якім мужчына страляе са зброі, выкрыкваючы пры гэтым лозунгі, паведаміла пракуратура.

Каментар «заахвочвае іншых грамадзян да здзяйснення супрацьпраўных гвалтоўных дзеянняў, у тым ліку з выкарыстаннем зброі». Суд Навагрудскага раёна паводле ч. 1 арт. 361−4 КК асудзіў мужчыну на тры гады калоніі. Прысуд суда не ўступіў у законную сілу.

Машыністу з Оршы прысудзілі 2,5 года «хіміі» за каментар пад фота гродзенскага супрацоўніка ДАІ ў сацсетках

2 лютага суд Аршанскага раёна і горада Оршы разгледзеў справу Арцёма Ляшнеўскага, якога прызналі вінаватым ва ўчыненні злачынства паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса «Абраза прадстаўніка ўлады». У адной з сацсетак ён пакінуў абразлівы каментар на адрас гродзенскага ДАІшніка Вайцяшонка, паведамляе «Вясна». Справу разглядала суддзя Святлана Кузьмічонак.

Пра абвінавачаным вядома, што ён працуе машыністам і што на працы пра яго гавораць як пра сапраўднага прафесіянала і станоўчага з усіх бакоў чалавека. Яго калегі даслалі ў суд хадайніцтва, у якім прасілі пакараць Арцёма Ляшнеўскага не «хіміяй з накірункам», а «хатняй хіміяй», бо не хапае кваліфікаваных машыністаў, і працоўны калектыў ручаецца за яго.

Тым не менш, суддзя Святлана Кузьмічонак прызнала Арцёма Ляшнеўскага вінаватым ва ўчыненні злачынства паводле арт. 369 КК і прызначыла яму ў якасці пакарання 2,5 года «хіміі». Менавіта такі тэрмін для абвінавачанага запытваў пракурор.

Ва ўчастковыя камісіі па рэферэндуму ў Гродне не вылучаецца апазіцыя

Членамі ўчастковых камісій у Гродзенскай вобласці збіраюцца стаць прадстаўнікі Камуністычнай партыі Беларусі і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці.

У цэлым, 0,068% апазіцыйных партыйцаў вылучаюцца ў склад участковых выбаркамаў, звяртае ўвагу «Вясна». Прадстаўнікі партый складаюць толькі 4,4% ад усіх вылучэнцаў. Яны яшчэ могуць і не прайсці.

Вылучэнцы ва ўчастковыя камісіі. Фота: Вясна

Суд над былым міліцыянтам

7 лютага, а 10.00 у судзе Лідскага раёна будуць судзіць былога міліцыянта Пятра Буцько. Яго абвінавачваюць па арт. 426 ч. 3 КК (Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў).

Пётр Буцько — былы падпалкоўнік міліцыі, якога пазбавілі звання з-за палітычных поглядаў. Ён адслужыў у міліцыі больш за 20 гадоў. У снежні 2020 года Пётр Браніслававіч адседзеў 32 дні паводле артыкула 23.34 КаАП, паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область».

Пётр выходзіў разам з гараджанамі на плошчу ў Іўі, патрабаваў ад уладаў і дэпутата аднаўлення законнасці, спынення гвалту, прыцягнення вінаватых да адказнасці.

Пётр Буцько. Фота: Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область»

Затрымалі за наркотыкі і каардынацыю пратэстаў

Наркакантроль Гродзенскага РАУС затрымаў 26-гадовага гродзенца з псіхатропам. У тэлефоне яго 21-гадовай жонкі знайшлі інфармацыю аб закладцы: каардынаты тайніка, вагу і назву наркотыку. У 2020 годзе маладыя людзі, з іх слоў на камеру, арганізоўвалі пратэстныя аўтапрабегі і ўдзельнічалі ў вулічных шэсцях.

Узбуджана крымінальная справа за незаконны абарот наркотыкаў. Па ўдзелу ў масавых мерапрыемствах праводзіцца праверка.

Затрымалі за наркотыкі і каардынацыю пратэстаў. Скрыншот Hrodna.life

Гродзенцаў масава судзяць за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў

Затрыманых супрацоўнікаў «Гродна Азот» пачалі судзіць за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Такое ж пасяджэнне чакала затрыманую раней Таццяну Саўко, якую праз 72 гадзіны адпусцілі без суда. Раней па тым жа артыкуле судзілі журналіста «Народнай Волі» Міхаіла Карневіча — ён атрымаў штраф.

Затрымалі 5 жыхароў Ваўкавыска

Не менш за 5 жыхароў Ваўкавыску затрымалі на гэтым тыдні. «Пакаянныя» відэа з’явіліся ў праўладных Telegram-каналах. Усім інкрымінуюць распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт. 19.11 КаАП). Некаторых будуць судзіць і за ўдзел у пратэстах 2020 і 2021 гадоў.

Пятым затрыманым стаў сушыльшчык «Краснасельскбудматэрыялы» і нападаючы ФК «Масты». Васілеўскага Яўгена Анатольевіча затрымалі на працоўным месцы за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». «Каюся, усе выдалю, і заклікаю вас у далейшым не паўтараць мае памылкі», — сказаў мужчына.

Паводле інфармацыі Telegram-канала «Суды, задержания. Гродно и область», мужчыну ўжо адпусцілі са штрафам у 15 базавых велічынь. У праўладным Telegram-канале казалі, што ён затрыманы па арт. 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады».

Яўген Васілеўскі. Скрыншот Hrodna.life

Таццяну Саўко аштрафавалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і канфіскавалі iPhone 12 Pro

Гродзенку Саўко Таццяну судзілі 3 лютага ў судзе Ленінскага раёна па арт. 19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць». Суддзя Ганна Леусік вынесла рашэнне — штраф 25 базавых велічынь (800 рублёў) і канфіскацыя тэлефона (iPhone 12 Pro). Таццяна — мама палітэмігранткі Карыны Маліноўскай, якая, паводле яе слоў, у жніўні 2020 года пасля затрымання страціла дзіця.

Таццяна Саўко. Фота: Карына Маліноўская ў Instagram

Чарговы прысуд за мітынг у Гродне

У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 3 лютага вынеслі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да юрысткі Алены Ягорычавай і слесара Ігара Пазнякова. Палітвязняў абвінавачвалі у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт 342 КК) і гвалце альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК РБ).

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Штосьці з фільмаў жахаў». Топ-3 месцаў у Гродне, якія гараджане абыходзяць за вярсту

Гродзенка Вікторыя Талкоўская апублікавала TikTok, у якім папрасіла гараджан назваць самыя змрочныя месцы Гродна. За…

22 лістапада 2024

У Гродне з’явіцца больш пляцовак для выгулу сабак

Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…

22 лістапада 2024

Гродзенскага актывіста Ежы Грыгенчу завочна асудзілі на 6 гадоў калоніі

Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…

21 лістапада 2024

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з’явіўся ў майцы «Команда Путина»

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…

21 лістапада 2024

У Гродне з’явіўся першы 3D-экран — яго размясцілі на фасадзе Triniti

Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…

21 лістапада 2024

Белстат: Турыстаў у Гродзенскай вобласці стала менш у 20 разоў. Тлумачым, чаму насамрэч сітуацыя значна лепш

Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…

21 лістапада 2024