Аўтары слоўніка Мікіта Валько (злева) і Віктар Варанец (справа). Фота: Facebook Мікіты Валько
У выдаведстве Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта выйшаў «Асацыятыўны слоўнік медыцынскай лексікі» Віктара Варанца і Мікіты Валько. У ім аўтары сабралі асацыяцыі на 305 медыцынскіх тэрмінаў, зразумелых і пацыентам. Такі слоўнік дапаможа лекарам пазбягаць слоў, асацыяваных у пацыентаў, напрыклад, са смерцю. Наклад усяго 50 асобнікаў.
«Слова „лекар“ беларусы ў сваёй мове выкарыстоўваюць значна часцей, чым слова „доктар“; слова „хворы“ выклікае асацыяцыю „смерць“ у 9% беларусаў, а слова „пацыент“ такую ж асацыяцыю толькі ў 2% апытаных; са словам „укол“ 21% нашых грамадзян звязваюць асацыяцыі „боль, страх“, а са словам „ін'екцыя“ — 9%; беларусы, на жаль, не ведаюць значэння такіх слоў, як вурзпель, недакроўнасць, ікаўка, валляк», — так прадставіў слоўнік адзін з аўтараў, Віктар Варанец, на сваёй старонцы ў Facebook.
Кожнае слова выклікае ў чалавека пэўныя асацыяцыі, асабліва ў медыцыне, патлумачыў Віктар Варанец Hrodna.life. Псіхасаматычны стан хворага часта залежыць ад трапнага слова. У слоўніку аўтары вызначылі словы-рызыкі, якія выклікаюць у пацыентаў асацыяцыю са смерцю, болем, жахам. Ім варта падбіраць сінонімы. Вызначэнне такіх слоў - цэлая метадалогія.
У Беларусі за ўсю гісторыю выйшаў толькі адзін асацыятыўны слоўнік агульнаўжывальнай лексікі Алы Цітовай («Асацыятыўны слоўнік беларускай мовы») у 1981 годзе. У ім было сабрана 300 слоў, якім адпавядалі пэўныя асацыяцыі. Праца па падрыхтоўцы такога слоўніка — доўгая і руцінная, таму амаль ніхто за іх не бярэцца, патлумачыў Віктар Варанец. На стварэнне асацыятыўнага слоўніка медыцынскай лексікі ў аўтараў сышло амаль два гады.
«Наш прафесійны асацыятыўны слоўнік, здаецца, першы на постсавецкай прасторы, — зазначыў аўтар. — Гэты слоўнік адкрывае дзверы для псіхадыягностыкі, псіхалінгвістыкі і іншых сумежных навук».
Наклад выдання — 50 асобнікаў. Такую сціплую лічбу Віктар Варанец патлумачыў вузкай прафесійнай скіраванасцю слоўніка. Але калі да яго з’явіцца цікаўнасць, магчыма будзе зрабіць перавыданне. Зараз кнігу можна купіць у шапіку Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта.
Чытайце таксама:
Віктар Варанец — беларускі лексікограф і педагог. Працуе на кафедры рускай і беларускай моваў Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта 30 гадоў. З 2005 па 2020 год быў намеснікам дэкана медыка-псіхалагічнага факультэта. У 2013 годзе Віктара Варанца прызналі «Чалавекам года Гродзеншчыны». Варанец — кіраўнік універсітэцкага літаратурнага аб’яднання «Катарсіс», складальнік і суаўтар некалькіх літаратурных зборнікаў, аўтар гімна гродзенскага медуніверсітэта. Таксама ён напісаў 20 вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў, шэраг артыкулаў па пытаннях беларускай тэрміналогіі.
Сярод выданняў Віктара Варанца — «Русско-белорусский медицинский словарь» (2005), першы «Руска-беларускі тлумачальны слоўнік медыцынскіх тэрмінаў» (2012), «Правілы беларускай арфаграфіі і тлумачэнні да іх» (2009), «Дыялектны слоўнік медыцынскіх тэрмінаў Беларусі» (2016), «Беларуская мова. Прафесійная лексіка для медыкаў» (2018) і «Руска-беларускі слоўнік-даведнік лекавых раслін» (2018, супольна з Арцёмам Варанцом).
Мікіта Валько — студэнт 6 курса Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта. Для яго гэта першая грунтоўная навуковая праца.
Зараз праз памежныя пераходы ў Медынінкай (з беларускага боку Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі) можна…
У Гродне на продаж выставілі начны клуб "Калізей 2000". Ён прадаецца як гатовы бізнес. Паглядзелі,…
Прадаюць камерцыйнае памяшканне ў падвале будынка на вул. Савецкіх Пагранічнікаў, 17. Там дызайнерскі рамонт у…
У Гродне з аўкцыёну прадаюць памяшканне афтальмалагічнага цэнтра "Новое зрение" на вул. Леніна, 13-3. У…
Чарачная “са смакам дзяцінства” DEHDИ адкрылася ў Гродне на вул. 1-й Працоўнай, 8. Уладальнікі абяцаюць,…
У Гродне на Лідскай, 15А адкрыўся "пакой лютасці". Ва ўстанове пад назвай «Дебошь» можна скінуць…