Фільм з новымі падрабязнасцямі смерці палітвязня Вітольда Ашурка 27 студзеня апублікавалі на YouTube канале «Альянс раследвальнікаў Беларусі». У паўгадзінным відэа аўтары разам са спецыялістамі, сваяком і сябрам Ашурка называюць імаверную прычыну смерці зняволенага. Hrodna.life сабраў асноўныя тэзісы раследавання.
Судмедэкспертка Надзея Гурмачнук лічыць, што прычынай падзення Вітольда Ашурка на відэа Следчага камітэта маглі быць лекі альбо псіхаактыўныя рэчывы. Яны маглі спрацаваць як снатворнае ці супакаяльнае. Гэта мог быць дыязепам альбо кланазепам. Такія прэпараты даюць зняволеным вельмі рэдка. Напрыклад, калі ёсць праблемы са сном.
У судмедэксперкткі ўзнікла пытанне, чаму Ашурка пасля падзення не змясцілі ў медычную ўстанаву, а толькі апрацавалі рану. Па версіі Следчага камітэта, зняволены сам адмовіўся ад гаспіталізацыі. Гэта дзіўна, бо ў медычнай установе калоніі ўмовы значна лепшыя, чым у ШЫЗА.
У журнале рэгістрацый інфармацыі аб злачынствах і здарэннях факт падзення засведчаны толькі праз восем гадзін пасля здарэння 20 траўня, гэта за дзень да афіцыйнага дня смерці палітвязня. Падзенне пазначана як «акт членашкодніцтва». Але на думку Гурманчук, на відэа бачна, як Ашурак спрабуе захаваць раўнавагу і ўтрымацца на нагах. Таму яна лічыць, што гэта няпраўда.
«Калі б яму аказалі сваечасовую дапамогу, ён бы, напэўна, не памёр», — сказала Гурманчук у раследаванні.
У журнале зафіксавалі, што рэанімаваць Ашурка спачатку спрабавала лекарка-тэрапеўтка Таццяна Разенкова. Паводле запісу, Ашурка знайшлі ў памяшканні камернага тыпу без прытомнасці 21 траўня ў 15:36. Рэанімацыйныя дзеянні пачаліся праз хвіліну. У 15:40 выклікалі хуткую дапамогу, якая прыехала праз 10 хвілін. У 16:10 лекары зафіксавалі клінічную смерць Ашурка ў машыне хуткай дапамогі, а ў 16:42 — біялагічную смерць.
Па версіі аўтараў фільма, машыну хуткай дапамогі выклікалі спецыяльна, каб зняць з сябе адказнасць за смерць Ашурка.
Судовая медычная экспертыза па факце смерці чалавека, па словах Гурмачнук, доўжыцца не больш за 30 дзён, часам яе могуць працягнуць, але на невялікі тэрмін. Дадатковую экспертызу не прызначаюць пакуль не скончыцца першая. Але па факце смерці Вітольда Ашурка дасюль невядомы вынікі першай экспертызы.
Старшы следчы УСК па Магілёўскай вобласці Павал Старыкаў, які займаўся выпадкам смерці Ашурка, не даваў сваякам ніякай інфармацыі пра ход следства, а потым перастаў адказваць на тэлефанаванні.
На момант этапавання ў шклоўскую калонію Вітольд Ашурак быў здаровы. Але аўтары фільма лічаць, што за час карантыну і знаходжання ў ШЫЗА яго давялі да знясілення.
На падставе той інфармацыі, якая ёсць на дадзены момант, судмедэкспертка Гурманчук думае, што Ашурак мог памерці ад чэрапна-мазгавой траўмы. Але сцвярджаць упэўнена пра гэта пакуль нельга.
Чытайце таксама:
Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…
Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…
Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…
Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…
Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…
Байкеры выявілі ў Пышках дрот, нацягнуты на ўзроўні шыі. Відэа яны размясцілі ў TikTok. "Вось…