Вольга Бондарава па рашэнні суда атрымае 1000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды ад палітвязня Вадзіма Плаўскага. Пасяджэнне па грамадзянскай справе прайшло 26 студзеня ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна, а рашэнне абвясцілі 27 студзеня. Разглядаў справу суддзя Аляксандр Сіцько. Бондарава прасіла спагнаць з Вадзіма 5000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды і 87 рублёў за дзяржпошліну.

40-гадовая Вольга Бондарава — інвалід ІІІ-й групы, ёй выплочваюць пенсію па інваліднасці (крыху больш за 200 рублёў у месяц). Паводле яе слоў, дзеянні Вадзіма выклікалі ў яе страх, прычынілі ёй маральныя пакуты і фізічны боль. Сярод яе цялесных пашкоджанняў - ранка спінкі носа, кровазліццё і ранкі слізістай абалонкі верхняй губы, кровазліццё слізістай абалонкі ніжняй губы, ранка далоневай паверхні левай пясці, сінякі ўнутранай паверхні сцягна, ранкі на галёнцы і калене, а таксама пачуццё галавакружэння і млоснасці пры хадзе і лежачы.

Пры гэтым яна праходзіла «непрыемныя» медыцынскія абследаванні, пры якіх адчувала холад, голад, маральныя пакуты, пачуццё бездапаможнасці. Пры канфлікце з Плаўскім, па яе словах, ніхто не аказаў ёй дапамогу, што выклікала ў яе прыступ панікі і адчаю. Вольга далучыла да справы медыцынскія даведкі: агляд і паўторны агляд оталарынголага, афтальмолага, неўролага, рэнтгенаўскую камп’ютарную тамаграфію галавы, рэнтгенаграфіі даданых пазух і косткі носа, і даведку аб прызначэнні гэтых працэдур. Яны адносяцца да цялесных пашкоджанняў, якія не пацягнулі кароткачасовага расстройства здароўя і нязначнай страты працаздольнасці.

Абражалі і расклейвалі плакаты на сметніцы

Па словах Вольгі, Вадзім не прызнаў віну і не папрасіў у яе прабачэнне, што яе пакрыўдзіла. Таксама Вольга доўгі час знаходзілася дома і не змагла ўзяць удзел у важных для яе мерапрыемствах — першым аўтапрабегу «За Беларусь». Вадзім сцвярджае, што яна ў гэты час прымала дома гасцей, што пацвярджае публікацыя ў «Гродзенскай праўдзе». «Я не магла іх не прыняць — людзі выказалі падтрымку», — сказала Вольга.

Па словах Вольгі, яна трапіла ў каналы «Черная книга Беларуси. Гродно и область», «Каратели Беларуси», дваровыя чаты, дзе «паласкалі» яе імя і яе сям’ю. Каля школы дачкі расклейвалі ўлёткі са словамі «Бондарава — ганьба горада». Яна напісала заяву ў міліцыю, але людзей, якія іх размясцілі, не знайшлі. Плакаты з Вольгай размяшчалі на смеццевых кантэйнерах. На думку Вольгі, гэта пачалося пасля таго, як жонка Вадзіма Дыяна дала інтэрв'ю «апазіцыйным» рэсурсам, і яго ўнеслі ў спіс палітвязняў, зрабіўшы «анёлам».

Вадзім не пагадзіўся з іскам

Па словах Вольгі, яе абражалі ў інтэрнэце і сачылі за ёй. «Даходзіла да таго, што я выходжу з хаты — і адразу ж інфармацыя аб тым, дзе я знаходжуся, з’яўлялася ў дваровых чатах. Натуральна, з каментарамі не вельмі бесстароннімі». Скрыншоты з гэтымі дадзенымі яна прыклала да справы.

Вадзім Плаўскі папрасіў разгледзець справу без яго. Вадзім не пагадзіўся з іскам і падаў пярэчанне. У ім ён паўтарыў сваю пазіцыю па крымінальнай справе, з якой быў не згодны. Таксама ён сказаў, што ні ён, ні яго родныя і блізкія Бондараву не абражалі і не пагражалі ёй, яе фота не размяшчалі. «БЧБшнікам», як сцвярджае Вольга, Вадзім, па яго словах, не з’яўляецца. А пасля канфлікту і суда менавіта Вольга давала інтэрв'ю СМІ і прыходзіла ў суд з «групай падтрымкі», мяркуе Вадзім. Ён папрасіў знізіць памер іску да 100 рублёў.


Вадзім Плаўскі - палітвязень, які ў студзені 2021 года вызваліўся пасля 1,5 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі № 15 у Магілёве. Яго асудзілі паводле арт. 339 «Хуліганства» ў красавіку 2021 года ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна. Актывістка «ІнфаСпецНаз» Вольга Бондарава праходзіла па ягонай справе пацярпелай. Як усё было: 30 кастрычніка 2020 года Вадзім гуляў з дачкой па Альшанцы. У той дзень на дрэвах хтосьці развесіў белыя стужачкі, адну з іх у рукі ўзяла дачка Вадзіма. У гэты час да сям'і падышла праўладная актывістка Вольга Бондарава, пачала здымаць Плаўскага на камеру, размаўляць з ім і пераследваць. Мужчына адправіў дачку дадому і паваліў Вольгу на зямлю. Плаўскі упэўнены, што яго справакавалі.

Раней Вольга спагнала 1000 рублёў і 87 рублёў за дзяржпошліну з палітвязня Васіля Пільца. Іск разглядаў той жа суддзя — Аляксандр Сіцько. Гродзенец Васіль Пілец выйшаў на волю 11 студзеня. Ён адбываў пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 29 у Ваўкавыску.

Чытайце таксама: