Некаторых затрыманых 23 верасня завадчан з «Гродна Азот» вызвалілі, паведаміла «Вясна». Аднак затрыманні працягваюцца. Пасля начной змены 23 верасня затрымалі Андрэя Башана.
Адпусцілі пасля затрымання Арцёма і Рыгора Рубанаў, Аляксея Сідара, Дзмітрыя Ільюшчанку. Затрыманні завадчан і стачкамаўцаў праходзяць па ўсёй Беларусі. Праваабаронцам вядома пра затрыманне 23 верасня супрацоўніка Беларускага металургічнага завода (БМЗ). Ён выехаў на працу, але там не з’явіўся. Прозвішча затрыманага высвятляецца.
Затрыманымі застаюцца мінімум 13 чалавек, якія працуюць або працавалі і звольніліся ў знак пратэсту на «Гродна Азот», БМЗ, Беларускай чыгунцы. Вядома, што некаторых з іх змясцілі ў СІЗА КДБ у Мінску. Дзмітрыя Елісеева з БМЗ змясцілі ў Гомельскае СІЗА, паведамляюць араваабаронцы.
Лукашэнка — аб «шпіёнах» на прадпрыемстве
«<…>Але паглядзіце на сваіх супрацоўнікаў на прадпрыемствах. У мяне ёсць інфармацыя, што мярзотнікаў некалькі там яшчэ дзе-нідзе засталося, і яны ставяць перад сабой мэту праінфармаваць калектыўны Захад аб тым, як Пархомчык з Назаравым спрабуюць абысці санкцыі. Шпіёняць фактычна і здаюць інфармацыю туды», — выказаўся Лукашэнка 23 верасня падчас сустрэчы з Міністрам прамысловасці Пятром Пархомчыкам і віцэ-прэм'ерам Юрыем Назаравым, які курыруе гэту сферу. Яго працытавала уласная прэс-служба.
«Некалькіх мы выявілі. Сядуць, і надоўга. Гэта я шчыра кажу. Але, тым не менш, мы іх павінны бачыць. Адзінкі, але яшчэ засталіся. І гэта не проста людзі, якія выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю. Гэта людзі, якія свядома за грошы спецслужбаў Захаду шкодзяць нашай эканоміцы, а роўна нашай дзяржаве. На гэта звярніце асаблівую ўвагу дырэктараў і самі глядзіце за гэтымі працэсамі», — даручыў Аляксандр Лукашэнка.
Што адбылося?
На выхадных 18−19 верасня ў Гродне пачаліся затрыманні «азотаўцаў» і іх блізкіх, якія працягваюцца ўвесь тыдзень. Прычына затрымання да гэтага часу невядомая. У афіцыйных крыніцах сітуацыю не каментавалі. Верагодна, справай займаецца КДБ — некаторых затрыманых змясцілі ў СІЗА КДБ у Менску.
Чытайце таксама: