«Не толькі даць веды, але і натхніць». У Гродне выйшла кніга пра славутыя будынкі, мастацтва і людзей горада

Выйшла з друку кніга «Гродно — столица, которая осталась». Яна расказвае пра гродзенскія славутасці і творы мастацтва, дзённікі падарожнікаў XVIII стагоддзя. Аўтар кнігі - гродзенскі блогер-краязнаўца Яўген Аснарэўскі. Кніга адрасаваная не толькі адмыслоўцам, але і далёкім ад гісторыі людзям. У падрыхтоўцы выдання ўдзельнічала рэдактарка спецпраектаў Hrodna.life Ірына Новік.

«Гэтая праца стала вынікам шматгадовых даследаванняў гродзенскай гісторыі і мастацтва. Я паставіў сабе сур’ёзную задачу: стварыць кнігу, якая паказвае Гродна як фактычную сталіцу ВКЛ, а яшчэ раней — сталіцу ўласнага княства. Тут адбываліся найважнейшыя гістарычныя падзеі і вяршыліся лёсы народаў», — казаў аўтар пра выданне.

Яўген Аснарэўскі — творчы псеўданім гродзенскага краязнаўцы і блогера. Сапраўднае імя ён не раскрывае. Аснарэўскі піша для Вікіпедыі і вядзе LiveJournal, складае петыцыі пра захаванне і ўдасканаленне гарадской прасторы, аўтар мастацкай прозы. Пісаў пра архітэктуру Старога замка, летнюю каралеўскую рэзідэнцыю ў Панямуні, тэатр Тызенгауза ды іншыя помнікі гродзенскай архітэктуры. Многія артыкулы блогера цытуюць і рэпосцяць мясцовыя СМІ і інтэрнэт-медыя. Таксама Аснарэўскі склаў дзве тэматычныя карты — пра яўрэйскія славутасці і арыстакратычныя рэзідэнцыі горада.

Першыя раздзелы выдання каротка распавядаюць пра значныя падзеі ў гісторыі горада і будынкі, узведзеныя ў XII-XX стагоддзях. У наступных чатырох гродзенскія вядомыя і малавядомыя помнікі архітэктуры апісваюцца больш дэтальна. Гэтыя раздзелы складаюцца з 50 главаў. Акрамя гісторыі і архітэктурных асаблівасцяў будынкаў ў кнізе апісваюцца таксама творы жывапісу і скульптуры, якія ў іх месцяцца, памеры знішчаных будынкаў. Аўтар спрабуе абгрунтаваць мастацтвазнаўчае паняцце «сакоўскi класіцызм» і фармулюе гіпотэзы наконт аўтарства тых ці іншых твораў мастацтва.

Так выглядае новае выданне пра славутасці і асобаў Гродна

У главе пра Стары замак шмат месца аддадзена яго рэканструкцыі, якую Аснарэўскі крытыкаваў. Дзякуючы яго заўвагам былі выпраўленыя некаторыя памылкі. Ёсць асобная глава, прысвечаная Фары Вітаўта. «Мастацтвазнаўчы аналіз, а яго ў кнізе хапае, цалкам аўтарскі, пры жаданні, мае яркія біркі, прылепленыя да таго ці іншага аб’екта, можна забраць і ў свае працы» — напісаў пра кнігу Яўген Аснарэўскі ў сваім Facebook.

Наступны блок выдання — аўтарскія пераклады дзённікаў падарожнікаў XVIII стагоддзя. У частцы пад назвай «Маленькие гродненские истории» змешчаны цікавыя факты, звязаныя з гісторыяй Гродна. У пасляслоўі аўтар выклаў свае ідэі аб тым, як палепшыць горад.

«У няпростыя для краіны часы хачу адзначыць, што слаўнае мінулае Гродна, выдатныя творы мастацтва, якія ў нас ёсць, павінны натхняць людзей на пазітыўнае стаўленне да жыцця. Таму што калі ў нас было такое мінулае, то абавязкова ў будучыні ўсё будзе добра, — казаў Аснарэўскі пра выданне. — Гэтая кніга можа не толькі даць веды, але і натхніць чытачоў. Таму я ўпэўнены, што яе варта прачытаць усім, хто любіць наш цудоўны Гродна».

Спампаваць электронную кнігу можна бясплатна па спасылцы. Таксама на гэтым рэсурсе можна замовіць друк любой колькасці асобнікаў і іх дастаўку (у тым ліку ў краіны Еўрасаюза). Друкаваныя асобнікі кнігі таксама можна атрымаць праз Wildberries.

Падзяліцца

Апошнія запісы

У Гродне з’явіцца больш пляцовак для выгулу сабак

Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…

22 лістапада 2024

Гродзенскага актывіста Ежы Грыгенчу завочна асудзілі на 6 гадоў калоніі

Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…

21 лістапада 2024

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з’явіўся ў майцы «Команда Путина»

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…

21 лістапада 2024

У Гродне з’явіўся першы 3D-экран — яго размясцілі на фасадзе Triniti

Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…

21 лістапада 2024

Белстат: Турыстаў у Гродзенскай вобласці стала менш у 20 разоў. Тлумачым, чаму насамрэч сітуацыя значна лепш

Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…

21 лістапада 2024

КДБ увёў у Гродне рэжым контртэрарыстычнай аперацыі

Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…

21 лістапада 2024