Будынкі па адрасе вул. Шчорса, 2 і Шчорса, 4 і права заключэння дагавора арэнды зямельнага ўчастка прададуць з аўкцыёну 20 кастрычніка. Па ўмовах аўкцыёну, будынкі рэканструююць. Былыя казармы могуць ператварыць у аб’ект шматкватэрнай жылой забудовы. Прыклад паспяховай рэканструкцыі казармаў ёсць — на іх месцы адкрыўся ГЦ «Kazzarma Mall».
Двухпавярховы будынак неўстаноўленага прызначэння па вул. Шчорса, 2 з участкам плошчай 0,4273 га можна купіць за 1 439 186 рублёў. Яго пабудавалі ў 1914 годзе. Сцены — з керамічнай цэглы, дах — лісты азбестацэментавыя, падмурак — цэгла керамічная, падлогі - плітка, дошка. Прадае будынак «Гродзенскі цэнтр нерухомасці».
Будынак па вул. Шчорса, 4 размешчаны на ўчастку плошчай 0,3957 га. Ён каштуе 1 256 803 рублёў. У будынку таксама два паверхі. Прадавец маёмасці - Унітарнае жыллёвае рамонтна-эксплуатацыйнае прадпрыемства Кастрычніцкага раёна Гродна.
Гісторыя казармаў
Комплекс будынкаў быў пабудаваны ў канцы 19 стагоддзя. У казармах ваеннага гарадка № 11, аднаго з самых старых у Беларусі, размяшчаліся сілы Вяцкага палка. З пачаткам Першай сусветнай вайны 102 полк быў кінуты змагацца на лінію фронту. Яго месца ў казармах заняў палявы шпіталь № 321 і некалькі воінскіх падраздзяленняў.
У міжваенны перыяд будынкі былі вядомыя сярод гродзенцаў як «Легіянерскія казармы». У той час горад знаходзіўся ў складзе Польшчы. Па загадзе ўраду тут размясцілі пяхоту Лідскага палка імя Нарбута. З 1939 года і да пачатку ваенных дзеянняў на тэрыторыі комплексу знаходзіліся войскі Чырвонай Арміі. У гады Айчыннай вайны акупанты перасялілі ў казармы некалькі тысяч вязняў лагера «Шталаг 324», паведамляе grodno.in.
Чытайце таксама:
- Ушли в 1939 на войну с немцами и не вернулись: большая фотоистория 76-полка им. Людвика Нарбута из Гродно
- Во время кризиса для бизнеса в Гродно открылась арт-галерея. Зачем?
На рэканструкцыю — тры гады
Тэрмін арэнды абодвух участкаў - 25 гадоў. На працягу двух гадоў пакупнік павінен распрацаваць праектную дакументацыю на правядзенне рэканструкцыі і (або) капітальнага рамонту нерухомай маёмасці. Яшчэ за год рэканструкцыя павінна завяршыцца. Пры гэтым забаронена неабгрунтавана змяняць фасад шэраговай гістарычнай забудовы.
Таксама пакупнік абавязаны пакрыць выдаткі на арганізацыю і правядзенне аўкцыёну, атрымаць у гарвыканкаме дазвол на правядзенне праектных і пошукавых работ.
Абмежаванні і плот побач з вайсковай часткай
Па аб’ектах існуюць абмежаванні. Яны знаходзяцца ў водаахоўнай зоне ракі, зоны аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, ахоўнай зоне ліній, збудаванняў электрасувязі і радыёфікацыі.
Аб’екты мяжуюць з вайсковай часткай 7404 унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Пакупнік павінен усталяваць побач з ёй двухмятровы плот.
Аўкцыён адбудзецца 20 кастрычніка 2021 года ў 15.00 па адрасе: г. Гродна, вул. 17 верасня, 39. Апошні дзень падачы заяў на ўдзел у аўкцыёне — 14 кастрычніка да 16.00. Арганізатар аўкцыёну — Камітэт дзяржаўнай маёмасці Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта (камітэт «Гроднааблмаёмасць»).