Разгляд справы аб ліквідацыі ТАА «Гродна Лайф Медыя» прадоўжыўся 26 жніўня. Іск пракурора задаволілі. Заснавальнікаў абавяжуць да 30 лістапада ліквідаваць арганізацыю ТАА «Гродна Лайф Медыя».
Справу разглядае суддзя Марына Рослік у Эканамічным судзе Гродзенскай вобласці. У працэсе ўдзельнічалі прадстаўнік пракуратуры старшы памочнік пракурора горада Гродна Віктар Казак, намеснік начальніка юрыдычнага аддзела Гродзенскага аблвыканкама Сяргей Тыбулевіч і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксей Апановіч.
Пазіцыя пракурора
Арганізацыя «ажыццяўляе дзейнасць, забароненую заканадаўчымі актамі», сказаў памочнік пракурора. У сувязі з гэтым яе можна ліквідаваць. Прадстаўнік пракуратуры прыгадаў два выпадкі, калі Hrodna.life прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці. Таксама экстрэмісцкай прызнана прадукцыі Telegram-канала інтэрнэт-рэсурсу (канал ужо выдалены — Hrodna.life). Таксама рэдакцыя атрымала папярэджанне ад пракуратуры.
Прадстаўнікі гарвыканкама падтрымалі пазіцыю памочніка пракурора ў поўным аб’ёме.
Справу разгледзелі без заснавальнікаў ТАА «Гродна Лайф Медыя»
Адказчыкамі па справе выступалі чатыры чалавекі. Аляксей Шота хадайнічаў аб пераносе пасяджэння ў сувязі з камандзіроўкай адказчыкаў. Суддзя, прадстаўнікі Гродзенскага гарвыканкама і пракуратуры палічылі магчымым разглядаць справу без іх. Адказнікі былі не згодныя з пазіцыяй пракуратуры.
Якія суды перажыла рэдакцыя Hrodna.life за апошнія паўгода
За першае паўгоддзе 2021 года рэдакцыю Hrodna.life двойчы судзілі за нібыта «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 17.11 КаАП у рэдакцыі 2003 г. і арт. 19.11 КаАП у рэдакцыі 2021 года).
Першы суд адбыўся 19 сакавіка: тады фірму аштрафавалі на 400 базавых велічынь (11 600 рублёў), а Аляксея Шоту як фізасобу — на 25 базавых (725 рублёў). Таксама канфіскавалі адзін ноўтбук. Рэшту вынятай з рэдакцыі тэхнікі вярнулі толькі ў ліпені.
У чэрвені рэдактара спецпраектаў Hrodna.life Ірыну Новік асудзілі на 25 базавых велічынь (725 рублёў) — таксама за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Да суда Ірына знаходзілася ў ізалятары часовага ўтрымання. Ёй забаранялі сядзець у дзённы час, яна адмовілася ад ежы.
Другі суд адбыўся 18 чэрвеня. Штраф 14 500 рублёў прысудзіла рэдакцыі Hrodna.life Ганна Леусік. Згодна з яе рашэннем, рэдакцыя нібыта адмыслова распаўсюдзіла фотаздымак з канала, які ўключаны ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Чытайце таксама: