Права арэнды на пляцоўку на вул. Леванабярэжная ў Гродне 24 жніўня прадалі з аўкцыёну. На яе паступіла адна заяўка. Аказалася, пляцоўку выкупіў Ягор Рытвінскі з камандай — арганізатары фестывалю Vulitsa Ezha.
— У планах цяпер такая комплексная пляцоўка. З улікам таго, што прызначэнне пад грамадскае харчаванне і размяшчэнне гандлёвых аб’ектаў, адпаведна, яна будзе звязаная з гэтым. Калі ўсё атрымаецца, пастараемся нешта цікавае для горада прыдумаць, — распавёў Ягор Hrodna.life.
Vulitsa Ezha — гэта фестываль вулічнай ежы. Акрамя фудкорта, на фестывалі арганізуюць розныя актыўнасці, музычныя сцэны, маркет мясцовай ежы, hand made маркет, дзіцячую зону, лекторый і тэматычную зону.
Чытайце таксама: Суп из бычьих хвостов и веганские пельмени с тофу. Что искать на фестивале Vulitsa Ezha в Гродно
Пакуль саму ідэю стваральнікі не раскрываюць. Ягор адзначыў, што пляцоўкі такога роду яшчэ не было ў Беларусі - падобныя ёсць у суседніх краінах. Адтуль яны і «запазычылі ідэю». Аб тым, ці ўдасца яе рэалізаваць, стане вядома да канца 2021 года. Праект разлічваюць падрыхтаваць да летняга сезона.
Бюджэт складзе дзясяткі тысяч долараў. Сума будзе залежаць ад таго, у якім стане пляцоўка і якія камунікацыі туды трэба будзе падвесці.
Што за пляцоўка?
Па ўмовах аўкцыёну, на гэтым месцы павінны з’явіцца «нестацыянарныя гандлёвыя аб’екты грамадскага харчавання». Да іх адносяцца палаткі, шапікі, латкі, кіёскі, боксы, летнія кафэ, аўтамагазіны. Кошт права арэнды плошчы ў 171,5 кв. м. на тры гады стартуе з 725,45 рублёў. Паколькі паступіла адна заяўка, да яе дадалося 5% ад сумы.
Пераможца таргоў павінен будзе ўзгадніць тып і знешні выгляд кожнага сезоннага аб’екта аж да колеру з Упраўленнем будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама. Таксама пакупнік павінен зрабіць гандлёвыя аб’екты даступнымі для маламабільных людзей.
На першы аўкцыён 1 чэрвеня ніхто не заявіўся.
Што хацелі зрабіць раней
Гродзенцы ўжо некалькі гадоў спрабавалі ажывіць пляцоўку.У 2019 годзе ўлады абмяркоўвалі ідэю пераносу ўсіх фудтракоў у адно месца на вул. Леванабярэжную. Таксама прапаноўвалі праводзіць там канцэрты і мерапрыемствы, а актывісты хацелі адправіць туды пракат электрасамакатаў. Усе гэтыя ідэі так і не ажыццявіліся. Літоўскі бізнэсовец Томаш Пецюль планаваў пабудаваць на гэтым месцы рэстарацыю з грузавых кантэйнераў у «марскім стылі». Гэтая ідэя таксама не рэалізавалася.
Што яшчэ прадалі на аўкцыёне?
- На «Дзевятоўцы-3» з’явіцца гандлёвы цэнтр. Права арэнды на будаўніцтва і абслугоўванне аб’екта грамадскага прызначэння выкупіў мінскі бізнэсовец за 67 200 рублёў пры пачатковай суме 19 155.
- Яшчэ адзін нестацыянарны гандлёвы аб’ект з’явіцца на вул. Янкі Купалы каля міні-рынку «Прынёманскі». Права арэнды прадалі за 12 200 рублёў пры пачатковай суме ў 887.
- У прыватную ўласнасць для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрнага жылога дома выкупілі ўчастак у Баранавічах. Зямельны ўчастак, абмежаваны вуліцамі Навасельнай-Шырокай-Адэльскай, прадалі за 35 800 рублёў пры пачатковай цане 13 419 рублёў.
- Непрададзенымі засталіся маёмасць ААТ «Гроднапрамтэхніка» і права арэнды пяці памяшканняў па вул. Урублеўскага, 1−2 — на іх не паступіла заявак.