Дзясяткі замкаў, палацаў і сядзіб рэканструявалі ў Гродзенскай вобласці за пяць гадоў. Дзесяткі аб’ектаў грамадскага харчавання, гасцініцы, хостэлы з’явіліся пасля павелічэння колькасці турыстаў. Пра гэта заявілі ў ходзе выязнога пасяджэння прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў, дзе падводзілі вынікі дзяржаўнай праграмы «Беларусь гасцінная», піша «Гродзенская праўда».
146 пунктаў рамантавалі і рэстаўравалі
За пяць гадоў праведзены работы на 146 аб’ектах вобласці. Рэстаўрацыя праводзіцца на Старым замку ў Гродне і Крэўскім замку, замку Сапегі ў Гальшанах, Лідскім, Навагрудскім і Любчанскім замках, Палацы Агінскіх у вёсцы Залессе Смаргонскага раёна, палацава-паркавым комплексе «Свяцк» у Гродзенскім раёне, Свята-Успенскім саборы ў Жыровічах і Каложскай царкве ў Гродне. Працягваюцца рамонт і рэстаўрацыя на сядзібах у вёсках Краскі і Падароск Ваўкавыскага раёна.
120 кафэ і рэстаранаў
Больш за 290 тысяч турыстаў без віз з 72 краін свету наведалі Беларусь за апошнія пяць гадоў. За гэты перыяд адкрыты 120 новых аб’ектаў грамадскага харчавання на 4 672 месцы, 8 аб’ектаў пражывання, сярод якіх гасцініцы, хостэлы і іншыя калектыўныя сродкі размяшчэння. У галіне турызму створаны 2 432 новыя працоўныя месцы. Колькасць сядзіб у вобласці павялічылася да 430.
Акцэнт на ўнутраны турызм
Пандэмія прывяла да памяншэння турыстычнага патоку. Таму цяпер улады збіраюцца папулярызаваць унутраны турызм. Гэта адбудзецца ў рамках дзяржаўнай праграмы «Беларусь гасцінная». Для гэтага збіраюцца развіваць вучэбна-метадычную базу, забяспечыць кадравы патэнцыял сферы турызму, будаваць новыя аб’екты размяшчэння і прыцягваць прыватны бізнес у гэтую галіну.