У Гродне з 18 жніўня працягнуць маршрут аўтобуса № 5 «Лапенкі-Райсельгастэхніка», паведаміў Аператар пасажырскіх перавозак. Цяпер гэтым аўтобусам можна будзе дабрацца ў гарадскі раён Грандзічы.
З 18 жніўня аўтобус №5 паедзе па маршруце: прыпыначны пункт “Лапенкі” – вуліца Асфальтавая – вуліца Віктара Саяпіна – вуліца Валянціны Макаравай – вуліца Віктара Глухава – вуліца Белыя Росы – вуліца Ліможа, далей па сваім маршруце без зменаў, назад у тым жа кірунку.
Маршрут змянілі дзеля школьнікаў з мікрараёна Грандзічы, піша “Вечерний Гродно”. Зараз яны змогуць дабірацца да школы №27 на Дзевятоўцы і назад на аўтобусе.
Жылы раён Грандзічы пачалі будаваць у 2018 годзе. Асноўны забудоўшчык – ААТ “Гроднажылбуд”. Тут збіраюцца пабудаваць 22 мікрараёны: 14 пад шматпавярховую забудову і 8 – для прыватных дамоў. Усяго па планах тут будуць пражываць 65 тысяч чалавек.
На цяперашні момант дабудаваныя Грандзічы-2 і частка Грандзічаў-3, ідуць грамадскія абмеркаванні забудовы Грандзічаў-4. Да вуліцы Саяпіна (Грандзічы-2) можна даехаць таксама на тралейбусе №23.


