24 крана з крафтавым півам ёсць у «Пробка Taproom» у Гродне. На іх — пераважна беларускія напоі, некалькі пазіцый расійскіх і «правераная еўрапейская класіка». Таксама можна ўзяць напоі ў банцы ці бутэльцы і некаторыя закускі. Можна купіць з сабой або пакаштаваць на месцы — у гэтым і ёсць сэнс тапрума. Акрамя гэтага, уладальнікі хочуць стварыць супольнасць людзей, зацікаўленых у піваварстве, запусціць продаж уласнага напою і прасоўваць сваю філасофію.
Новае месца адкрылі два браты: Андрэй і Аляксандр. Яны займаюцца крафтавым півам тры гады. За гэты час у іх з’явіўся паспяховы праект — крама-бар «Пробка». Краму браты купілі стратнай, пачалі прадаваць у ёй крафт і з часам пашырыліся — з’явілася прастора для дэгустацыі. Цяпер яна адкрылі яшчэ адно месца — першы ў Гродне тапрум.
Даслоўна «тапрум» — гэта памяшканне з кранамі, распавёў Андрэй Hrodna.life. Раней так называлі бар пры маленькім бровары або месца, дзе людзі могуць пакаштаваць яго прадукцыю. Зараз гэта паняцце таксама ўключае невялікія бары-крамы. Як правіла, яны звязаны з крафтавым піваварствам. Такія месцы нацэленыя не на закускі, а на вялікую колькасць «разнастайных і якасных напояў», распавёў Андрэй.
У установе — 24 краны. Слоган месца- «Drink Local», таму амаль уся прадукцыя — ад маленькіх беларускіх крафтавых бровараў. Ёсць невялікі выбар расійскай і еўрапейскай прадукцыі.
«Якарныя», пастаянныя пазіцыі складаюць палову асартыменту. Астатняе — ад пяці да дзесяці відаў - абнаўляецца раз на тыдзень. З іх палова — аднаразовыя варкі, якіх больш не будзе.
Пастаянна на кранах можна ўбачыць прадукцыю Jungle Brewery, Valaduta, «Прамень, 13 Litar, Bierstaat, Bierbank, Malanka, «Чисто Пивоварня». Таксама «Пробка» супрацоўнічае з рэстараннымі піваварнямі з Мінска «Арбат» і Mr.Hops. З’яўляюцца напоі ад «кантрактных» бровараў — вытворцаў, якія арандуюць абсталяванне і пляцоўку ў заводаў. Напрыклад, Double Xanna, Balance Brewery, Verden Brewery.
У асноўным беларускія бровары робяць піва на разліў - утрымліваць уласную лінію разліву ў бутэлькі або банкі дорага, распавёў Андрэй. Так што піва ў тары ва установе — ад расійскага рынку.
У планах ва ўладальнікаў пачаць «кантрактнае» піваварства пад уласным брэндам. Рэалізаваць планы браты спадзяюцца на працягу года.
Што тычыцца закусак, ёсць рыба, вэнджаныя сыры, каўбаскі, паніні, сэндвічы. Ва ўстанове 20 пасадачных месцаў. Пры добрым надвор'і можна таксама размясціцца на вуліцы пад парасонам. Стыль інтэр'еру Андрэй ахарактарызаваў як «мяккі» ці «хатні» лофт.
Тапрум працуе з 30 ліпеня, але афіцыйнае адкрыццё ўстановы плануецца ў сярэдзіне жніўня. Да гэтага часу з’явяцца яшчэ некаторыя варыянты закусак. Магчымыя змены па асартыменту піва ў залежнасці ад пераваг кліентаў.
Тапрум размясціўся ў Kazzarma Mall. У першыя дні ў «Пробка Taproom» прыходзілі пастаянныя кліенты, якія ведалі аб адкрыцці новай установы, распавёў Андрэй Hrodna.life. Новыя наведвальнікі пакуль знаёмяцца з месцам.
Уладальніку хочацца не проста прадаваць напоі, а стварыць супольнасць. «У нас там (у бары-краме „Пробка“ — Hrodna.life) ёсць група людзей, якія пазнаёміліся ў краме, а цяпер разам ходзяць у басейн, у тэніс гуляюць, у валейбол. Атрымалася супольнасць не проста выпіць і пасядзець, але і для прыемнага баўлення часу», — распавёў Андрэй.
— Стараемся, каб людзі даведаліся, што беларускія бровары могуць варыць добры прадукт, не горшы за еўрапейскі. Гэта стварае станоўчы імідж краіны — мы таксама ўмеем нешта рабіць якасна, — лічыць адзін з уладальнікаў «Пробки». Іх пастаянныя кліенты аддаюць перавагу беларускай прадукцыі.
На некаторых броварах уладальнікі «Пробка Taproom» былі асабіста і ўпэўненыя ў працэсе падрыхтоўкі і інгрэдыентах: напрыклад, падчас апошняга візіту супрацоўнікі ўручную перабіралі парэчку, набытую ў фермера, каб прыгатаваць мілкшейк IPA (такі стыль піва з садавінай, невялікай колькасцю лактозы і вялікай закладкай хмеля).
Каб захаваць смакавыя якасці, у «Пробка Taproom» выкарыстоўваюць coldroom з тэмпературай пяць-сем градусаў - прамысловы халадзільнік, дзе захоўваюцца ўсе кегі.
Для хуткасці абслугоўвання ва ўстанове асобныя краны для разліву з сабой і на месцы. Кліентам у крамах «Пробка» кажуць: лепш выпіць менш, але добрага прадукту. Таму максімальная тара ў тапруме — 1,5 літра. Крафтавае піваварства прадугледжвае разумнае ўжыванне. Ва ўстанове спрабуюць адукоўваць людзей і данесці погляды на тое, якім павінна быць разумнае спажыванне алкагольных напояў.
Андрэй з братам часта самі знаходзяцца ў краме, каб падказаць кліентам, што ім пасуе. Часам яны праводзяць дэгустацыі на 8−10 чалавек, распавядаючы аб піваварстве і цікавых фактах, звязаных з ім.
У планах уладальнікаў сеткі «Пробка» — пазнаёміць паміж сабой і (у перспектыве) сабраць фестываль хатніх півавараў. Палова беларускага крафтаварэння пачыналася з хатняга піва, а пазней хобі стала працай і бізнэсам, сцвярджае Андрэй.
«Можа, дойдзе да таго, што і ў Гродне, як і ў Мінску, будзе шмат прыватных маленькіх бровараў. Тым больш, Гродна — турыстычны горад. Турысты прыязджаюць — спадзяюся, будуць прыязджаюць актыўна — і заўсёды хочуць пакаштаваць мясцовае цікавае, а не толькі масмаркет».
У Мінску шмат устаноў, падобных на «Пробку». У Віцебску клуб «Дзвінскія коркі» некалькі гадоў удзельнічаў у правядзенні піўнога фестывалю. Прыватныя бровары ёсць у Мінску, Віцебску, Магілёве, Гомелі, каля Брэста — Гродна пакуль адстае. Тым не менш, у нашым горадзе адкрыўся рэстаран «Гости» з броварам. Адкрыццё бровара плануецца ў Святску, а у 2024 годзе — на тэрыторыі былога піўзавода.
«Пачынаць прадаваць прадукт, які не ведае ніхто і які даражэй за звычайны, заўсёды складана. Неабходна быць уцягнутым у справу, верыць у гэта і тое, што людзі падтрымаюць», — лічыць Андрэй.
Празмернае ўжыванне алкаголю шкодзіць вашаму здароўю
Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…
Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…
Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…
Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…
Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…
Байкеры выявілі ў Пышках дрот, нацягнуты на ўзроўні шыі. Відэа яны размясцілі ў TikTok. "Вось…