Пра затрыманне Юрыя Меляшкевіча, намесніка старшыні партыі “Беларускі народны фронт” паведаміў у сваім Facebook Вадзім Саранчукоў.

“Спачатку спыніла ДАІ, знайшлі налепку – даставілі ў РАУС. Узялі тэлефон і ноўт на вывучэнне”, – расказаў Вадзім Саранчукоў Hrodna.life. Ён таксама з’яўляецца намеснікам старшыні партыі БНФ.

Вечарам Юрыя адпусцілі, але ў 20:00 “забралі” паўторна. Патлумачыўшы прычыну, што -“Цяпер з вамі хоча пагаварыць угалоўны вышук”. Супрацоўнікі МУС правялі паўторны агляд аўтамабіля.

Зараз Юрый Меляшкевіч знаходзіцца на волі. У дачыненні да яго праводзяць праверку. “Сітуацыя выглядае абсурднай, але нічога не паробіш. Спадзяюся на лепшае…”, – напісаў Юрый у сваім Facebook.

Юры Меляшкевіч таксама – актывіст руху “За Свабоду”, які цяпер знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі, і намеснік старшыні грамадскага аб’яднання «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры». Удзельнічаў у арганізацыі летніка па аднаўленні старых могілак у вёсцы Ізабелін, ладзіў летнік па прыборцы руінаў пахавання Бохвіцаў у маёнтку ў Падароску.

Старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў  зараз затрыманы ў межах крымінальнай справы. Ён – адзін з абвінавачаных у справе «аб змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам». Вядома, што праз праблемы са здароўем яго перавялі ў турэмны шпіталь.