Андрэя Аўсіевіча пачалі судзіць за абразу міліцыянта і прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі. Прычына — некалькі каментароў у Telegram-чатах і каналах. Пацярпелы міліцыянт параўнаў каментар Андрэя з выпадкам, калі на яго з нажом пайшоў п’яны мужчына. Каментар прынёс яму больш пакут, чым той выпадак, заявіў пацярпелы.
Разглядаць справу пачалі 3 жніўня. 26-гадовы Андрэй стаяў за шклом «акварыума». 26 жніўня яму споўніцца 27 гадоў — пакуль невядома, дзе ён сустрэне Дзень нараджэння.
У залІ суда адначасова знаходзіліся тры-чатыры канваіры, адзін з іх быў у крапавым бераце. Адзін з канваіраў пастаянна знаходзіцца ля «акварыума». Падчас перапынку ў пасяджэнні Андрэй стаяў, завёўшы за спіну рукі.
За час утрымання пад вартай ён абрэзаў доўгія валасы. Як распавялі яго блізкія, прычына ў тым, што за імі стала цяжка даглядаць у СІЗА. Аўсіевіч адказваў на пытанні ў судзе ціха, рухаўся павольна. Падтрымаць яго прыйшлі блізкія і неабыякавыя гродзенцы.
Андрэй Аўсіевіч 4 траўня каля 10.00 выйшаў з дома і не вярнуўся. Неўзабаве ў кватэру прыйшлі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным і правялі вобшук. З маці ўзялі падпіску аб неразгалошванні. 5 траўня ролік з Андрэем паказалі ў Telegram-канале МУС. 6 траўня гродзенца заключылі пад варту.
Справу разглядаў суддзя Мікалай Рачынскі ў Гродзенскім абласным судзе, дзяржабвінаваўца — Герасіменка. У справе ўдзельнічае пацярпелы міліцыянт 29-гадовы Максім Чарткоў - участковы інспектар аддзела міліцыі «Фолюш».
У Андрэя сярэдне-спецыяльная адукацыя — ён скончыў Скідзельскі ліцэй па спецыяльнасці «слесар-трактарыст». Халасты, дзяцей няма. Адслужыў у арміі. Раней не судзімы. Яго абвінавацілі па арт. 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады» і ст. 361 КК «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь». Спачатку яго таксама абвінавацілі паводле арт. 189 КК «Абраза», але пазней справу спынілі. Верагодна, па той прычыне, што артыкул у новай рэдакцыі Крымінальнага кодэкса дэкрыміналізавалі.
Паводле абвінавачання, 14 лістапада 2020 года праз свой камп’ютар Андрэй пакінуў у суполцы «Каратели Гродно» каментар на адрас Чарткова Максіма Аляксандравіча, які прызналі абразлівым. Пры гэтым Андрэй, па версіі Герасіменка, «дзейнічаў наўмысна, разлічваў на наступнае ўспрыманне іншымі людзьмі, усведамляў публічны і зневажальны характар выказвання». У каментаре фігуравала слова «ущербный». На думку Герасіменкі, каментар утрымліваў нецэнзурнае слова і негатыўную ацэнку, прыніжаючую гонар і годнасць інспектара. Гэтым Андрэй парушыў арт. 369 КК. Яму пагражае да трох гадоў абмежавання волі.
20 снежня 2020 года Аўсіевіч пакінуў каментар у іншым Telegram-канале, «маючы злачынны намер, накіраваны на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы РБ, легітымна ўсталяванай стабільнасці, палітычнай і эканамічнай сістэме, канстытуцыйных асноў грамадскага і дзяржаўнага ладу РБ, уздзеяння на прыняцце рашэнне органамі ўлады, перашкоду палітычнай і грамадскай дзейнасці, грамадскай стабільнасці і спакою, застрашванню насельніцтва, дэстабілізацыі грамадскага парадку». Гэтым ён парушыў ч. 3 арт. 361 КК. Па гэтым артыкуле яму пагражае ад двух да сямі гадоў пазбаўлення волі.
Гэтае паведамленне паказалі ў Telegram-канале МУС. Рэдакцыя Hrodna.life не будзе яго цытаваць.
Андрэй прызнаў віну паводле арт. 369 КК. Аднак удакладніў, што прызнаецца ў абразе чалавека, але не ведаў, што ён працуе ў міліцыі. З Чартковым асабіста ён не знаёмы. Пра тое, што каментар можа быць абразлівым, не задумваўся. Заахвоціла пакінуць каментар «знешнасць» участковага. «Мне яна не спадабалася», — адказаў на пытанне дзяржабвінаваўцы Аўсіевіч. Ён раскаяўся ў тым, што зрабіў.
«Па арт.361 КК я віну не прызнаю, нікога ні на якія групы не дзяліў, да гвалту і забойстваў не заклікаў, паказанняў па гэтым артыкуле даваць не буду», — сказаў Андрэй. Падчас следства ён казаў, што праз гадзіну выдаліў каментар, а пакінуў яго з прычыны «злосці».
У сваіх паказаннях падчас следства Андрэй казаў пра тое, што быў падпісаны на розныя «пратэстныя» Telegram-каналы, дзе «пісаў паведамленні з пагрозамі і абразамі». Ён заявіў, што даў іх пад «маральным» ціскам. Маўляў, следчыя задавалі навадныя пытанні і казалі: «Ты будзеш сядзець доўга». Паводле яго слоў, на час першага допыту ён не ведаў, па якіх артыкулах праходзіць.
Пацярпелы Максім Чарткоў упершыню ўбачыў абвінавачанага на судзе. У міліцыі ён працуе з лета 2014 года. Калі стала вядома аб размяшчэнні яго фота ў Telegram-чатах, ён не памятае. Яму пра гэта распавялі калегі і яго сужыцелька. Па словах Максіма, у чаце размясцілі некалькі яго фота — у грамадзянскім, у форме, а таксама яго старое пасведчанне.
— Калі паведамілі мае калегі, я сам зайшоў у канал «Каратели Гродно». Убачыў там фатаграфіі і звесткі пра мяне, і ўбачыў усе гэтыя каментары, — распавёў Максім у судзе. Са звестак у чаце паказалі няправільны адрас яго пражывання або прапіскі, нумар тэлефона.
Былі і іншыя негатыўныя каментары, акрамя паведамлення Андрэя. Хтосьці назваў яго сапраўдны прыблізны адрас. Хтосьці абмяркоўваў памер яго палавога органа, а таксама, што ён, нібыта, карыстаецца службовым становішчам, каб заводзіць раманы з дзяўчатамі. Пасля гэтага ён пасварыўся з сужыцелькай і ледзь з ёй не разышоўся, распавёў Максім. Яна прасіла яго звольніцца з міліцыі.
Участковы заявіў іск аб кампенсацыі маральнай шкоды ў тысячу рублёў. «Тады нам вельмі цяжка было выконваць службовыя абавязкі, ціск быў з усіх бакоў, амаль не адпачывалі, працавалі вельмі шмат. < … > Былі праблемы са сном, сапраўды была такая дэпрэсія, доўгі час доўжылася. Складана апісаць словамі», — распавёў Максім.
Ён распавёў пра іншы эпізод працы. У сакавіку на яго «сямейны скандаліст пайшоў з нажом». Супраць яго ўчастковы не падаваў іск, паколькі гэта «службовыя абавязкі і да гэтага ты рыхтуешся». Пасля гэтага эпізоду участковы «нармальна спаў». А каментары, у тым ліку паведамленне Андрэя, яму было «складана вытрымаць». «Чалавек зусім не ведае мяне, і піша такія словы», — сказаў у судзе ўчастковы. Ён, па словах міліцыянта, перажываў з-за каментара.
— А ў чым розніца паміж тым, што на вас нехта кінуўся з нажом і паміж тым, што пра вас нехта нешта напісаў? — пацікавілася адвакат.
— Чалавек, які кінуўся з нажом, віну сваю цалкам усвядоміў і гэта было чакана для мяне. Гэта звязана непасрэдна з маімі працоўнымі абавязкі. Нас інструктуюць, мы да гэтага рыхтуемся кожны раз. Таму я не нерваваўся і не перажываў. А ў дадзеным выпадку гэта было звязана не з выкананнем службовым абавязкаў. Гэта было нечакана для мяне. Было вельмі крыўдна і непрыемна. < … > А з нажом — гэта было пару секунд і забылася.
Па словах Чарткова, з міліцыянтамі праводзяць службовую і ідэалагічную падрыхтоўку, а «маральную» — не. Цяпер праблемы са сном ў яго засталіся. «Калі раней я спакойна мог спаць 10 гадзін, адсыпацца ў выходны, то пасля ўсяго, што было, у мяне сон палепшыўся часткова. Я сплю да гэтага часу максімум шэсць гадзін, больш не магу спаць. Сёння я лёг спаць у дзве ночы і ўстаў без будзільніка ў 7.30», — падзяліўся ўчастковы.
Дакументаў, якія пацвярджаюць яго стан, у міліцыянта няма.
Пасяджэнне працягнецца 4 жніўня ў 10.00. Дапытаюць сведак па справе.
UPD 4 жніўня. На пасяджэнні Андрэй прызнаў іск ад міліцыянта, але папрасіў яго паменшыць да 300 рублёў. Участковы пагадзіўся. У судзе выступілі мама і сястра абвінавачанага. Яны скарысталіся правам не даваць паказанні супраць блізкіх. Таксама на пасяджэнні вывучылі пісьмовыя матэрыялы справы і рэчавыя доказы — тэхніку, з дапамогай якой Андрэй напісаў каментар. Таксама там адбыўся наступны дыялог паміж дзяржабвінаваўцам і абвінавачаным.
— Абвінавачаны, скажыце, вам зразумела, якія функцыі ўскладзены на супрацоўніка міліцыі? Што яны робяць у паўсядзённым жыцці?
— Ну, павінны ахоўваць закон і спыняць правапарушэнні.
— Вам зразумела, чые інтарэсы яны прадстаўляюць? Прадстаўнікамі чаго яны з’яўляюцца?
— Не разумею пытанне.
— Вам зразумела, што яны з’яўляюцца прадстаўнікамі ўлады, дзяржавы?
— Згодна з законам, так.
— А ў вас ёсць іншае меркаванне?
— Я не буду адказваць на гэтае пытанне.
служба ў органах унутраных спраў з’яўляецца відам дзяржаўнай службы ў Рэспубліцы Беларусь, якая складаецца ў выкананні супрацоўнікамі органаў унутраных спраў задач па абароне жыцця, здароўя, гонару, годнасці, правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян, інтарэсаў грамадства і дзяржавы ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў, арганізацыі выканання і адбыцця пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці, адміністрацыйных спагнанняў, а таксама іншых задач, вызначаных заканадаўчымі актамі.
Пасяджэнні працягнуцца ў 14.30 6 жніўня. Верагодна, пройдуць спрэчкі бакоў.
Чытайце таксама:
Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…
Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…
Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…
Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…
Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…
Байкеры выявілі ў Пышках дрот, нацягнуты на ўзроўні шыі. Відэа яны размясцілі ў TikTok. "Вось…