Лукашэнка 29 ліпеня прызначыў на пост кіраўніка ўпраўлення ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама палкоўніка Аляксандра Шастайла. Дагэтуль ён займаў пасаду першага намесніка кіраўніка УУС Гродзенскага аблвыканкама — кіраўніка крымінальнай міліцыі, паведамляе БЕЛТА.
Аляксандр Шастайла выступаў перад гродзенцамі на плошчы Леніна 14 жніўня. Тады на пытанне гараджан, за што затрымлівалі і збівалі людзей, якія чакалі асуджаных каля РАУС, ён адказаў: «Супрацоўнікі міліцыі дзейнічалі ў адпаведнасці з аператыўнай абстаноўкай». Натоўп адказаў крыкамі: «У адстаўку!».
У Гомелі Шастайла заняў пасаду Аляксандра Васільева, якога Лукашэнка прызначыў кіраўніком Акадэміі МУС.
Іншыя новыя прызначэнні ў Гродне
Прызначаны 30 красавіка начальнікам УУС вобласці Дзмітрый Разянкоў згодна ўказу Лукашэнка ўвайшоў у склад Гродзенскага аблвыканкама. Да гэтага Дзмітрый Разянкоў займаў пасаду першага намесніка начальніка УУС Віцебскага аблвыканкама — начальніка крымінальнай міліцыі. Былы кіраўнік Гродзенскай абласной міліцыі Вадзім Сіняўскі ў сакавіку быў прызначаны міністрам па надзвычайных сітуацыях.