Гісторык Васіль Герасімчык напісаў кнігу пра жыццё вядомага спартоўца, чэмпіёна-цяжкавагавіка Аляксандра Курловіча. Учора, 28 ліпеня, Курловічу споўнілася б 60 гадоў.
Кніга планавалася да 60-годдзя спартоўца. Акрамя таго, было вядома, што ў гэты ж час пройдзе алімпіяда ў Токіа.
Аляксандр Курловіч — савецкі і беларускі цяжкаатлет, заслужаны майстар спорту СССР (1987). Нарадзіўся ў Гродне. Курловіч — двухразовы алімпійскі чэмпіён (1988, 1992 гг.) у суперцяжкай вагавой катэгорыі, чатырохразовы чэмпіён свету (1987, 1989, 1991, 1994), двухразовы чэмпіён Еўропы (1989, 1990), пераможца Кубка свету (1994). Устанавіў 12 сусветных рэкордаў. Узначальваў Прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі ў Гродзенскай вобласці.
«Гэта мусіла быць знакавая падзея для горада, вобласці, рэспублікі ў цэлым. Такіх спартсменаў у нас мала, і ўвогуле толькі адзін такі двойчы чэмпіён [сярод цяжкаатлетаў]», — расказаў Васіль Герасімчык Hrodna.life.
Чытайце таксама: «Калі ён стаў героем, зусім не змяніўся». Гродзенцы развіталіся з легендарным спартсменам Аляксандрам Курловічам
Выступленне Аляксандра Курловіча ў 1996 годзе на алімпіядзе ў Атланце (ЗША) для аўтара кнігі стала адным з першых успамінаў дзяцінства, звязаных са спортам.
Васіль Герасімчык рыхтаваў кнігу паўгода. Для гэтага ён размаўляў з сябрамі і знаёмымі Курловіча, трэнерамі, калегамі, шмат дапамагала Вольга Курловіч, жонка чэмпіёна. Таксама ішла праца з дакументамі.
Чытайце таксама:
- У Гродне адкрылі помнік алімпійскаму чэмпіёну Аляксандру Курловічу
- У Гродне з’явяцца вуліцы Віктара Саяпіна, Аляксандра Курловіча і Віктара Глухава
«Збор матэрыялу пра Аляксандра Мікалаевіча стаў цікавым падарожжам, у якім мне дапамагалі больш за паўсотні яго родных, сяброў і знаёмых. У дадатак да сотні гадзін аўдыя сталі больш, чым сотня фотаздымкаў ды шматлікія дакументы. Напісаная кніга — гэта як біяграфія спартсмена, так і гісторыя нашай цяжкай атлетыкі», — напісаў ён у сваім Facebook.
Курловіч — асоба, якая аб’ядноўвае
Але кніга — не ўспаміны сведак жыцця Курловіча, а менавіта біяграфія спартоўца, напісаная гісторыкам. Таксама ў ёй змешчаны ўводзіны аб тым, як развівалася цяжкая атлетыка ў Беларусі і Гродне. Пасля выдання ў кнізе мусіць быць каля 120 старонак тэксту і блізу 60−70 старонак фотаздымкаў.
«Гэтая кніга прэзентуе наш спорт, наш горад, нашу Гродзеншчыну. Пры тым — не хаваючы праблемаў, якія былі, — расказаў Васіль Герасімчык Hrodna.life. — Кніга можа паказаць прыклад чалавека, які пераадольваў усе складанасці, якія здараліся на яго жыццёвым шляху, і стаў тым, кім стаў - двухразовым чэмпіёнам алімпіяды, чатырохразовым чэмпіёнам свету, самым моцным чалавекам свету ў пачатку 90-х гадоў. Гэта асоба, якая аб’ядноўвае».
Пакуль выданне кнігі адкладзена на нявызначаны тэрмін праз фінансавыя складанасці. Аўтар спадзяваўся на фінансавую дапамогу, але спонсараў знайсці не атрымалася.
Чытайце таксама: