Па ініцыятыве Мінскай раённай пракуратуры Мінскі райвыканкам ліквідаваў сацыяльна-культурную ўстанову развіцця беларускай мовы і культуры «Мова Нанова». Пра гэта 23 ліпеня ў сваім фэйсбук паведаміў стваральнік курсаў Глеб Лабадзенка.
Закрыццё курсаў адбылося нібыта з-за «нестатунай дзейнасці»: выкарыстанні відэа з незарэгістраванай сімволікай і лагатыпам тэлеканала «Б****т». Аспрэчваць ліквідацыю курсаў Глеб Лабадзенка не плануе, спасылаючыся на «цяперашнія ўмовы».
«Безумоўна, гэта сумна. І баліць так жа, як і за іншыя арганізацыі, якія рабілі шмат карыснага і якія ліквідавалі. За сёння нам напісала вельмі шмат людзей, выказваючы словы падзякі і падтрымкі. Так што наша аўдыторыя з намі, ліквідаваўшы ўстанову — не ліквідуеш еднасць людзей. Гэта галоўнае», — распавяла Hrodna.life вядоўца курсаў «Мова Нанова Гародня» Эмілія Комар.
Што такое «Мова Нанова»
Бясплатныя курсы беларускай мовы былі створаны філолагам Алесяй Літвіноўскай і журналістам Глебам Лабадзенка ў 2014 годзе ў Мінску. У лістападзе 2014 года курсы атрымалі дзяржаўную рэгістрацыю як «Сацыяльна-культурная ўстанова развіцця беларускай мовы і культуры». У 2021 годзе курсы праводзіліся ў 15 гарадах. Штотыдзень заняткі наведвала каля 650 студэнтаў.
У Гродне курсы праходзілі з 14 сакавіка 2014 года. Інтэрактыўныя заняткі адбываліся ў «Цэнтры гарадскога жыцця» на Кірава, 3. Прынцыповым момантам арганізацыі было адсутнасць палітычнага ўхілу.
На 23 ліпеня вядома пра больш чым 40 ліквідаваных грамадскіх арганізацый, паведамляе «Вясна». Сярод іх:
- Медыяплатформа «Имена»
- Press Club Belarus
- Офіс па правах людзей з інваліднасцю
- Арт Сядзіба
- «Бізнес школа ІПМ»
- Прэс-клуб
- Беларускі ПЭН-цэнтр
- Цэнтр урбаністычных праектаў і ініцыятыў «Прастора»
- Цэнтр развіцця эфектыўнай камунікацыі «Жывая Бібліятэка»
- Цэнтр экалагічных рашэнняў