А 8.15 раніцы з ператрусам прыйшлі да гродзенскага праваабаронцы Віктара Сазонава, сябра пазбаўленага ў Беларусі рэгістрацыі праваабарончага цэнтра “Вясна”. Ператрус праводзілі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў.

UPD 22.00. Віктар Сазонаў затрыманы на 72 гадзіны, ён знаходзіцца ў ІЧУ на вул. Гая, паведаміла “Вясна” ў Telegram. 14 ліпеня ператрусы адбыліся ў цэлым шэрагу грамадскіх арганізацый і ініцыятыў.

“Ператрус скончыўся, яго затрымалі, хутчэй за ўсё пакуль на 72 гадзіны”, – расказаў Hrodna.life калега Віктара Сазонава, Уладзімір Хільмановіч.

У якасці каго затрыманы Віктар Сазонаў, пакуль невядома. Пасля ператруса ў яго забралі тэхніку.

Ператрусы і затрыманні 14 ліпеня

Раней 14 ліпеня з пастановай на ператрус сілавікі прыйшлі да юрыста цэнтра «Вясна» Уладзімера Лабковіча і сябра Рады «Вясны» Валянціна Стэфановіча, паведамляюць праваабаронцы. Стэфановіча затрымалі. Стала вядома, што ў пастанове на ператрус пазначаны артыкулы 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў) Крымінальнага кодэкса. Таксама ў Мінску затрымалі журналіста і праваабаронцу Сяргея Сыса.

Няма сувязі са старшынём цэнтра “Вясна” Алесем Бяляцкім, паведамляе “Вясна”. Ператрус прайшоў дома ў каардынатара кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэя Палуды. Палуду затрымалі і павезлі на ператрус у пляцоўку кансультацыйна-інфармацыйнай установы па папулярызацыі прававой культуры “Тэрыторыя правоў”. Затрыманая праваабаронца Яўгенія Бабаева. У Барысаве затрыманы юрыст і праваабаронца Алег Мацкевіч, паведаміў Ex-press.by. Ператрусы прайшлі ў праваабаронцы Алены Лапцёнак і эканаміста Яраслава Раманчука, паведамляе “Радыё С**бода”.

Таксама 14 ліпеня ператрусы адбываюцца:

  • у дырэктаркі Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend Вольгі Смалянка. Ператрус мусіць прайсці і ў офісе арганізацыі;
  • у офісе руху “За свабоду”. Пра гэта паведаміў яго кіраўнік Юры Губарэвіч;
  • у Міколы Шараха, кіраўніка ячэйкі свабоднага прафсаюза з Полацка і сябры Полоцкага праваабарончага таварыстваў;
  • у Кірыла Кофанава (Брэст, праваабарончая арганізацыя Human Constanta);
  • у офісе дабрачыннага праекта “Имена”;
  • у “Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшына”;
  • у праваабарончай арганізацыі “Гендэрныя перспектывы”;
  • у офісе “Беларускай асацыяцыі журналістаў”. Там выламалі дзверы;
  • у офісе праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хельсінскі камітэт”;
  • у даследчым цэнтар BEROC;
  • на сядзібе партыі “Беларускі народны фронт” (БНФ);
  • у “Таварыстве беларускай школы”;
  • у цэнтры “Супольнасць”;
  • у офісе гродзенскай грамадскай арганізацыі “Цэнтр “Трэці сектар”;
  • у “Фондзе імя Льва Сапегі“;
  • у Офісе еўрапейскай экспертызы і камунікацый;
  • у адукацыйным цэнтры “ПОСТ“.

Чытайце таксама: