А 8.15 раніцы з ператрусам прыйшлі да гродзенскага праваабаронцы Віктара Сазонава, сябра пазбаўленага ў Беларусі рэгістрацыі праваабарончага цэнтра «Вясна». Ператрус праводзілі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў.
UPD 22.00. Віктар Сазонаў затрыманы на 72 гадзіны, ён знаходзіцца ў ІЧУ на вул. Гая, паведаміла «Вясна» ў Telegram. 14 ліпеня ператрусы адбыліся ў цэлым шэрагу грамадскіх арганізацый і ініцыятыў.
«Ператрус скончыўся, яго затрымалі, хутчэй за ўсё пакуль на 72 гадзіны», — расказаў Hrodna.life калега Віктара Сазонава, Уладзімір Хільмановіч.
У якасці каго затрыманы Віктар Сазонаў, пакуль невядома. Пасля ператруса ў яго забралі тэхніку.
Ператрусы і затрыманні 14 ліпеня
Раней 14 ліпеня з пастановай на ператрус сілавікі прыйшлі да юрыста цэнтра «Вясна» Уладзімера Лабковіча і сябра Рады «Вясны» Валянціна Стэфановіча, паведамляюць праваабаронцы. Стэфановіча затрымалі. Стала вядома, што ў пастанове на ператрус пазначаны артыкулы 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў) Крымінальнага кодэкса. Таксама ў Мінску затрымалі журналіста і праваабаронцу Сяргея Сыса.
Няма сувязі са старшынём цэнтра «Вясна» Алесем Бяляцкім, паведамляе «Вясна». Ператрус прайшоў дома ў каардынатара кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэя Палуды. Палуду затрымалі і павезлі на ператрус у пляцоўку кансультацыйна-інфармацыйнай установы па папулярызацыі прававой культуры «Тэрыторыя правоў». Затрыманая праваабаронца Яўгенія Бабаева. У Барысаве затрыманы юрыст і праваабаронца Алег Мацкевіч, паведаміў Ex-press.by. Ператрусы прайшлі ў праваабаронцы Алены Лапцёнак і эканаміста Яраслава Раманчука, паведамляе «Радыё С**бода».
Таксама 14 ліпеня ператрусы адбываюцца:
- у дырэктаркі Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend Вольгі Смалянка. Ператрус мусіць прайсці і ў офісе арганізацыі;
- у офісе руху «За свабоду». Пра гэта паведаміў яго кіраўнік Юры Губарэвіч;
- у Міколы Шараха, кіраўніка ячэйкі свабоднага прафсаюза з Полацка і сябры Полоцкага праваабарончага таварыстваў;
- у Кірыла Кофанава (Брэст, праваабарончая арганізацыя Human Constanta);
- у офісе дабрачыннага праекта «Имена»;
- у «Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшына»;
- у праваабарончай арганізацыі «Гендэрныя перспектывы»;
- у офісе «Беларускай асацыяцыі журналістаў». Там выламалі дзверы;
- у офісе праваабарончай арганізацыі «Беларускі Хельсінскі камітэт»;
- у даследчым цэнтар BEROC;
- на сядзібе партыі «Беларускі народны фронт» (БНФ);
- у «Таварыстве беларускай школы»;
- у цэнтры «Супольнасць»;
- у офісе гродзенскай грамадскай арганізацыі «Цэнтр «Трэці сектар»;
- у «Фондзе імя Льва Сапегі»;
- у Офісе еўрапейскай экспертызы і камунікацый;
- у адукацыйным цэнтры «ПОСТ».
Чытайце таксама: