Грамадскія абмеркаванні і прэзентацыя праекта па рэканструкцыі гандлёвага цэнтра “Фламінга” адбыліся 30 чэрвеня ў Гродзенскім гарвыканкаме. Нязгодныя з павялічэннем гандлёвага цэнтра жыхары бліжэйшых дамоў на сустрэчу не прыйшлі. 

“Гэта проста варварства”. У гарвыканкаме абмеркавалі рэканструкцыю гандлёвага цэнтра “Фламінга”: праціўнікі праекта не прыйшлі
Праект рэканструкцыі гандлёвага цэнтра “Фламінга”. Фота: Hrodna.life

Абмеркаванне распачалося з выступа праекціроўшчыка. Ён распавёў пра змены, якія прынясе пашырэнне гандлёвага цэнтра. Гэта павялічэнне колькасці парковачных месцаў, новы заезд у двор з вуліцы Лізы Чайкінай, а таксама рэканструкцыя дваровых тэрыторый і стварэнне там дзіцячай і спартовай пляцоўкі.

Што кажуць жыхары бліжэйшых дамоў? 

Жыхары бліжэйшых да “Фламінга” дамоў на абмеркаванне не прыйшлі. Намеснік кіраўніка Упраўлення будаўніцтва, архітэктуры і градабудаўніцтва Казімір Гецэвіч зачытаў зварот жыхароў дамоў №78 і №80 па вуліцы Соламавай: “Калі плошча павялічыцца на 2000 кв.м., гэта значыць павялічыцца аб’ём пастаўляемага тавара. Нават уявіць цяжка, колькі будуць стаяць машыны. Як адкрыць вокны на праветрыванне?”

“Дом №80 аддзелены зялёнай зонай дрэваў. Уласнік “Фламінга” абяцае нам арганізаваць дадатковую паркоўку для машын, але наш дом і так аточаны паркоўкамі. Навошта яшчэ адна?”

“Дому больш за 40 гадоў. Падчас будаўніцтва, 10 год таму, жыхары сутыкнуліся з праблемай шчылін у столях кватэраў. Такія праблемы могуць прывесці да парушэння цэласнасці дома. Хто можа даць гарантыі, што з нашым домам нічога не адбудзецца?”

“Гэтую рэканструкцыю можна зрабіць толькі прыбраўшы зялёную зону, але гэта проста варварства. Уся зялёная зона – гэта здароўе нашых дзяцей”.

Пазіцыя ўладаў: “Горад перанасычаны гандлёвымі аб’ектамі”

“У нас сёння горад перанасычаны гандлёвымі аб’ектамі ў спальных раёнах. Што тычыцца раёнаў Грандзічы, Лідская, Магістральная, новы Фолюш. Калі ласка, ніякіх пытанняў”, – заявіў намеснік старшыні гарвыканкама Андрэй Болтрык. З яго словаў, гандлёвых цэнтраў шмат, але не там, дзе трэба: у новых раёнах іх не хапае, у старых – ужо занадта шмат.

Улады не збіраюцца даваць згоду на правядзенне рэканструкцыі, пакуль згоды не дадуць жыхары. Маўляў, пагоршваць умовы жыцця жыхароў няма неабходнасці.  

“Гэта проста варварства”. У гарвыканкаме абмеркавалі рэканструкцыю гандлёвага цэнтра “Фламінга”: праціўнікі праекта не прыйшлі
Праект рэканструкцыі гандлёвага цэнтра “Фламінга”. Фота: Hrodna.life

Летам 2019 года ўжо планавалася рэканструкцыя гандлёвага цэнтра “Фламінга”. Але пасля грамадскіх абмеркаванняў праект прызналі немэтазгодным.