На мінулым тыдні польскія памежнікі спынілі кантрабанду з 2000 пачак цыгарэт і затрымалі трох чалавек. Тытунёвыя вырабы перакідвалі праз мяжу з дапамогай дрона — паведамілі Hrodna.life у прэс-службе Падляшскага аддзела памежнай службы.
«У 900 метрах ад дзяржаўнай мяжы дрон скінуў груз і разгарнуўся да Беларусі. У гэтым месцы памежнікі заўважылі трох чалавек. Мужчыны падабралі груз і збіраліся з’ехаць на аўтамабілі. Афіцэры распачалі пагоню і спрабавалі спыніць машыну парушальнікаў. Тыя не рэагавалі на сігналы памежнікаў і адначасова выкідалі з аўто ўпакоўкі. Ім удалося пазбавіцца чатырох скрыняў.
Пазней аўтамабіль, які належаў грамадзяніну Польшчы знайшлі ў лесе. Каля яго затрымалі дваіх грамадзян Беларусі. Грамадзянін Польшчы, які ўцёк, быў затрыманы па месцу жыхарства," - паведаміла Hrodna.life прэс-сакратар Падляшскага аддзялення польскай памежнай службы Катажына Здановіч.
У перакінутых праз мяжу пакунках знайшлі 2 000 пачак цыгарэтаў. Кошт тавару складае каля 30 000 злотых (каля 20 000 беларускіх рублёў - заўв. Hrodna.life). Затрыманыя грамадзяне Беларусі маюць ўзрост 31 і 35 гадоў. Грамадзяніну Польшчы — 39.
Гэта не першы выпадак кантрабанды з выкарыстаннем дрона. 20 красавіка 2021 года польскія памежнікікі спынілі кантрабанду з 5 600 пачак цыгарэт. Іх кошт складаў больш 84 000 злотых (больш за 55 000 беларускіх рублёў - заўв. Hrodna.life).
Чыйтайце больш:
Мігранты штурмуюць беларуска-польскую мяжу. За 2021 год іх стала больш у 4 разы