Вольга Верамеенка пасля суда. Фота: Алена Кавальчук
Гаспадыню крамы «Адметнасць» Вольгу Верамеенка судзілі ў будынку РАУС 18 чэрвеня за «пікетаванне». Рэчавымі доказамі палічылі футболкі з выявай «Пагоні», званочак, банер. Раней Вольга правяла трое сутак у ізалятары, пакуль яе не адпусцілі да суда. Пасля гэтага ў яе здарыўся гіпертанічны крыз — Вольгу накіравалі ў бальніцу.
UPD. Гродзенскі абласны суд 22 ліпеня пакінуў без зменаў штраф Вольгі Верамеенкі, а яе скаргу — без задавальнення. Сам суд ішоў 10 хвілін, з якіх 5 хвілін суддзя Анатоль Заяц правёў у дарадчым пакоі, распавяла Вольга Hrodna.life.
Тры футболкі з выявай Кастуся Каліноўскага Вользе вярнулі. Рэчы, прызнаныя доказамі, па рашэнні суда знішчаць. Агулам міліцыянты забралі тавар на суму 3 000 рублёў.
Судзіла Вольгу суддзя з суда Ленінскага раёна Алена Пятрова. Яна ўвайшла ў будынак праз чорны ўваход. Сведкам па справе праходзіў супрацоўнік РАУС Вадзім Налівайка. У справе ўдзельнічаў супрацоўнік РАУС Андрэй Пігульскі. У выніку Вольгу асудзілі на 70 базавых велічынь (2 030 рублёў) па арт.24.23 КаАП. Вольга будзе абскарджваць рашэнне суда.
Выязное судовае пасяджэнне прайшло ў будынку Ленінскага РАУС на вул. Дубко, 5. Менавіта туды выклікалі па смс Вольгу. З ёй у РАУС прыйшлі каля 20 чалавек. Іх прапусцілі, але пазней на пасяджэнне выклікалі толькі Вольгу Верамеенку і яе адваката. Супрацоўніца міліцыі ігнаравала пытанні ад наведвальнікаў, якія жадалі трапіць на працэс. «Мне сказалі паклікаць толькі Верамеенка».
— Гэта значыць, гэта закрытае судовае пасяджэнне?
— Вы можаце растлумачыць, чаму мы не можам патрапіць на працэс? Вы адкажаце на пытанне?
Пазней іншы супрацоўнік сказаў, што гэта пытанне вырашае кіраўніцтва. Праз некалькі хвілін ён выйшаў і перадаў, што раз пасяджэнне пачалося, на яго ўжо не патрапіць. «Так атрымалася», — сказаў міліцыянт.
«З прычыны таго, што ў нас рэжымны аб’ект, эпідэміялагічная абстаноўка, просьба вялікай колькасцю не знаходзіцца. Альбо растусуйцеся, альбо на вуліцу», — таксама папрасіў ён.
Хто менавіта з кіраўніцтва гэта перадаў, міліцыянт не сказаў: «Хто на провадзе быў, мне не прадставіліся. Па голасе я не вызначаю».
Чаму Вольгу судзілі ў РАУС, а не ў судзе, ёй з адвакатам не патлумачылі.
Вольгу Верамеенку затрымалі 3 чэрвеня і пакінулі на трое сутак у ізалятары. У краме «Адметнасць», дзе прадаецца ў тым ліку нацыянальная сімволіка, правялі агляд. Пры гэтым супрацоўнікі АМАП зайшлі ў рэдакцыю Hrodna.life, якая суседнічае з «Адметнасцю», і не дазвалялі супрацоўнікам выходзіць і карыстацца сродкамі сувязі.
Чытайце таксама:
Жыхар Гродна набіў на шчыкалатцы татуіроўку з выявай расійскага рэпера Пашы Тэхніка і подпісам “Досвидания”.…
На сёмым паверсе дома па вуліцы Ліможа, 48Б выстаўлена на продаж трохпакаёвая кватэра плошчай 74,8…
У Гродне рыхтуюцца да святкавання 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Мерапрыемствы аб'яднаюць пад канцэпцыяй…
З 5 красавіка ў Гродне талоны на праезд у гарадскім грамадскім транспарце даражэюць на 10…
У Гродне на Віленскай, 37 адкрыўся новы буцік-гатэль і рэстаран The Cult - і выклікаў…
Пакуль сады толькі заквітнеюць, ва ўстановах і крамах Гродна падрыхтавалі вясновыя фотазоны. Часта гэта гронкі…